Нandelsblatt: Паводзіны расейцаў амаральныя

Нямецкае эканамічнае выданьне Нandelsblatt атрымала пацьверджаную некалькімі асобамі інфармацыю адносна "непрыстойнай прапановы", адрасаванай Газпромам нямецкаму канцэрну RWE. Яе сутнасьць у тым, каб немцы далучыліся да расейскага праекту "Паўднёвы паток", сарваўшы такім чынам іншы праект транспартаваньня газу ў ЭЗ — "Nabucco". Расейскі бок запэўнівае RWE ў выдатных пэрспэктывах уласнага праекту і адначасна палохае нямецкі канцэрн цяжкасьцямі перамоваў з пастаўшчыкамі газу для "Nabucco" — Азэрбайджанам і Туркмэністанам.

Як піша Нandelsblatt, "газпромаўская група "Паўднёвы паток" хоча дывэрсыфікаваць маршруты дастаўкі расейскага газу ў Эўропу. Мэта расейцаў палягае ў зьмяншэньні значнасьці Беларусі і Ўкраіны як транзытных краінаў для паставак паліва. З гэтай жа прычыны Газпром сумесна з фірмамі Eon, BASF і іншымі будуе газаправод "Паўночны паток", які праз Балтыйскае мора непасрэдна злучыць расейскага пастаўшчыка з Заходняй Эўропай".

У самім нямецкім канцэрне інфармацыю пра сувязі з Газпромам не пацьвярджаюць.

"Мы стаім за "Nabucco" і ня бачым іншага роўнага яму рацыянальнага праекту", кажуць у RWE.

Паводле Нandelsblatt, "Калі RWE выйдзе з праекту, то шанцы "Nabucco" стануць роўныя нулю"

"Nabucco" павінен прайсьці па тэрыторыі Турэччыны, Баўгарыі, Румыніі, Вугоршчыны, Аўстрыі. Да 2015 году празь яго плянуецца транспартаваць да 8 мільярдаў кубамэтраў газу.

"Паўднёвы паток" пройдзе з Сыбіры праз Чорнае мора, далей па Баўгарыі і падзеліцца на два напрамкі: паўднёвая Італія і Аўстрыя.

"Прапанова Газпрому становіцца для RWE плянам "Б", хоць для канцэрну "Паўднёвы паток" менш цікавы, чым "Nabucco". Ён істотна даражэйшы", піша Handelsblatt.