Кожны соты школьнік выпівае

Паўгода ў Беларусі дзейнічае забарона на расьпіцьцё піва ў грамадзкіх месцах. На вуліцы людзі сапраўды сталі піць меней, аднак гэта не адбілася на агульнай сумнай статыстыцы. Цяпер беларусы ў сярэднім выпіваюць больш за 12 літраў чыстага сьпірту, пры тым што паводле міжнародных экспэртаў, дэградацыя нацыі пачынаецца пасьля аб’ёму ў 8 літраў на душу насельніцтва.

Пра пагрозьлівую сытуацыю з павелічэньнем ужываньня алькаголю мэдыкі, праваахоўныя органы трывогу б’юць даўно. Лічбы, якія прывёў начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Раман Мельнік, уражваюць. У 2005 годзе ў Беларусі кожны жыхар краіны спажываў 8,7 літра абсалютнага алькаголю за год, а ў 2009 годзе — ужо 12,4 літра на кожнага, уключна зь немаўлятамі. Ці зьмянілася нешта за апошнія паўгода? Разважае спадар Мельнік:

Раман Мельнік
«Кожны з вас, напэўна, заўважае, што ўсё ж такі гэты жорстк крок заканадаўчы дае свой эфэкт. Мы ня бачым у грамадзкіх месцах, на вуліцы столькі моладзі з пляшкамі піва, як раней. Але мы маем больш за 129 тысяч прыцягнутых за парушэньне грамадзкага парадку, зьвязанае са знаходжаньнем у грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня, расьпіцьцём сьпіртных, слабаалькагольных напояў і піва».

У параўнаньні з 2005 годам разам з павелічэньнем продажу піва — з 22 да 49 літраў у год на душу насельніцтва — назіраецца рост на 16,4% колькасьці непаўналетніх, якія злоўжываюць алькаголем. Лічбы ўражваюць: 1017 дзяцей на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва, мякка кажучы, выпіваюць, кажа Раман Мельнік:

«Мы прыцягнулі больш за 5 тысяч непаўналетніх за знаходжаньне ў нецьвярозым стане ў грамадзкіх месцах, за расьпіцьцё сьпіртных напояў. 5300 падлеткаў парушылі заканадаўства. А калі падумаць пра лятэнтнасьць, калі спажываньне было ў кватэры, у лесе і гэта ня стала вядома…»

І хаця паменела рэклямы піва, алькаголю на тэлебачаньні, у СМІ, — праблемы застаюцца. Галоўны нарколяг Андрэй Аляксандраў распавёў пра прыхаваную рэкляму пітной вады пад вядомым брэндам «Бульбашъ»:
Пляшка па зьнешнім выглядзе цалкам адпавядае пляшцы гарэлкі. Такая пляшка зь пітной вадой нідзе не прадаецца, яна не існуе ў прыродзе.


«Пляшка па зьнешнім выглядзе цалкам адпавядае пляшцы гарэлкі. Такая пляшка зь пітной вадой нідзе не прадаецца, яна не існуе ў прыродзе. Але выявы яе разьвешаныя па ўсёй краіне. Гэта прыхаваная рэкляма, якая зараз не забароненая. Супраць гэтага мы выступаем, таму што гэта бачаць дзеці».

Прывялі ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі і жахлівую статыстыку. Начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Раман Мельнік кажа:

«194 забойствы было зьдзейсьнена ў стане алькагольнага ап’яненьня. Першапрычынай злачынства быў менавіта алькаголь. І 457 фактаў прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў».

Ад атручэньня алькаголем летась памерла 1057 беларусаў, з пачатку 2010 году — 666. Адмыслоўцы б’юць трывогу: сьпіртное ў Беларусі вельмі даступнае і па коштах: пладова-ягаднае віно каштуе каля 3 тысяч, гарэлка — 8 тысяч, і, нягледзячы на абмежаваньні, усё гэта прадаецца практычна кругласутачна. А ў сельскай мясцовасьці квітнее самагонаварэньне, кажа Раман Мельнік:

«660 тысяч літраў алькагольнай прадукцыі канфіскавана ўжо сёлета, і гэта, як правіла, у сельскай мясцовасьці. Гаворка ідзе пра самагон і самагонную брагу».

Андрэй Аляксандраў
Адзін дзень знаходжаньня хворага на алькагалізм у шпіталі абыходзіцца дзяржаве ў 50 тысяч рублёў. А вось эфэктыўнасьць малая: толькі 40% захоўваюць цьвярозасьць цягам году і больш. Галоўны нарколяг Андрэй Аляксандраў перакананы:

«Калі казаць пра выдаткі на лекаваньне і прыбыткі, эўрапейскі рэгіён Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя ацэньвае выдаткі дзяржаў на алькаголь прыкладна ў 3-5%. Прыбыткі ад алькаголю, аб’ём розьнічнага таваразвароту ад алькаголю — менш чым 1%. Мы нашмат больш трацім, чым зарабляем».

Шмат гадоў вядуцца спрэчкі наконт забаронных захадаў. Спадар Мельнік выказаў такое меркаваньне:

«Што тычыцца забароны — гэта палавіністая мера. Забаронныя мэтады ніколі не давалі станоўчага эфэкту, калі не былі, так бы мовіць, падтрыманыя псыхалёгіяй. Але, дапусьцім, правільны падыход па абмежаваньні часу продажу сьпіртнога ў пэўных раёнах, пэўных крамах — гэта таксама нейкі зрух. Хтосьці ня будзе мець магчымасьці набыць сьпіртное, яго выпіць. І ня будзе дзесьці скандалу і пабоішча».