Зьніклы наклад "Нашай нівы" будуць шукаць з дапамогай пракуратуры

Апошні нумар тыднёвіка "Наша ніва" так і ня трапіў у шапікі. Як паведамілі ў рэдакцыі, звычайна газэта паступае ў продаж у сераду ці ў чацьвер раніцай. Аднак ні ў сераду, ні ў чацьвер, ні ў пятніцу нумар у шапікі не патрапіў. Пры тым, што ў сераду газэта выйшла з друкарні звычайным парадкам, а ў "Белсаюздруку" паведамілі, што на аптовы склад газэта паступіла.

Шэф-рэдактар выданьня Андрэй Дынько схільны лічыць, што падставай да зьнікненьня накладу для продажу стаў зьмест нумара, прысьвечаны інфармацыйнай атацы на Лукашэнку з боку расейскіх мэдыяў:
Па стане на сёньня газэта таксама нідзе не паступіла ў продаж – ні ў Менску, ні ў рэгіёнах ...

"Ніякіх канцоў няма. Па стане на сёньня газэта таксама нідзе не паступіла ў продаж – ні ў Менску, ні ў рэгіёнах. У той жа час у "Белсаюздруку" і "Аблсаюздруках" нам ніякага адказу не даюць, толькі кажуць, што газэта на аптовы склад паступіла. І гэта ўсё. А пасьля яна некуды зьнікла. Я думаю, што гэта, канечне, рабілася па нейкім загадзе, рабілася арганізавана, бо экспэдыцыя – гэта ж тэхнічны працэс. Кіроўцы атрымліваюць ня толькі ж "Нашу ніву", адначасова развозяцца дзясяткі відаў прадукцыі. Але не паступіла толькі "Наша ніва". Таму будзем разьбірацца і, напэўна, сёньня будзем падаваць скаргу ў пракуратуру".

Карэспандэнт: "Вы лічыце, што прычынай стаў менавіта зьмест нумара?"

"З улікам, што такой сытуацыі не было ніводнага разу за два гады пасьля вяртаньня газэты ў продаж, мы лічым, што сапраўды зьмест нумары выклікаў такую нэрвовую рэакцыю. Галоўны загаловак нумара быў "Хросны бацька капітуляваў". У матэрыяле апавядалася пра тое, што Беларусь падпісала Мытны саюз на нявыгадных для сябе ўмовах пасьля паказу фільму пра Лукашэнку на канале НТВ".