Камароўскі мае сантымэнт да Беларусі

Браніслаў Камароўскі

Новым прэзыдэнтам Польшчы будзе сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі. Гэтага чалавека добра ведаюць многія беларускія палітыкі. Іхныя спадзяваньні наконт будучыні беларуска-польскіх дачыненьняў у сувязі з абраньнем новага прэзыдэнта Польшчы.




Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч неаднаразова сустракаўся з новым прэзыдэнтам Польшчы:

Аляксандар Мілінкевіч
"Па-першае, я думаю, хто б ні быў абраны прэзыдэнтам — ці Камароўскі, які перамог, ці гэта быў бы Качыньскі, — усё роўна палітыка заставалася б адной і той жа. Хаця, безумоўна, пэрсанальная пазыцыя канкрэтнага чалавека ўплывае на эмацыйны яго настрой, на фармаваньне палітыкі.

Я ведаю, што Камароўскаму Беларусь неабыякавая. Яна яму вельмі цікавая. Ён мае да Беларусі сантымэнт, бо ягоны старадаўні шляхецкі род паходзіць зь Беларусі. І, я думаю, гэты чалавек зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была прадказальнай, дэмакратычнай, каб яна паступова выбірала дарогу да Эўропы.

Камароўскі будзе цікавіцца Беларусьсю, не фармальна падыходзіць да беларускага пытаньня. І таму, я думаю, ён паспрыяе больш актыўнай палітыцы Польшчы адносна Беларусі".


Валянціна Лявоненка
Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка мяркуе, што ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Польшчай будуць "прыкметныя зрухі":

"Чаму? Таму што спадар Камароўскі ня так зашораны ў гэтых дачыненьнях. Ён глядзіць на тыя праблемы, якія ўзьнікаюць паміж нашымі краінамі, праз прызму таго, як іх можна вырашыць, а не нагнятаньня сытуацыі".


У лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі — супрацьлеглы погляд:

Анатоль Лябедзька
"Думаю, што ніякіх істотных зьмен у пазыцыі Варшавы ў цэлым і новага прэзыдэнта ў прыватнасьці ня будзе. Тут трэба прымаць пад увагу, што мы напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі. Яна, найхутчэй, будзе праводзіцца беларускімі ўладамі брутальна, з татальным парушэньнем дзейнага заканадаўства і міжнародных абавязаньняў. І таму гэтая сытуацыя вымушае Варшаву, у тым ліку і прэзыдэнта, займаць ясную і выразную пазыцыю ў ацэнцы таго, што тут адбываецца. Так што я не чакаю нейкіх рэзкіх зрухаў ці пераменаў".