Дзе лепей жывецца вэтэранам – у Беларусі ці ў Ізраілі?

Агляд недзяржаўнага друку.
"Чарговая газавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй завяршылася, але не зьняла ніводнай з супярэчнасьцяў, якія справакавалі канфлікт", -- гэтак мяркуе аўтар артыкулу ў тыднёвіку "Беларусы і рынак", у якім аналізуюцца прычыны "газавага супрацьстаяньня" і ягоныя наступствы як для Беларусі, гэтак і для Расеі.

Таксама тыднёвік знаёміць чытачоў з новай сыстэмай комплекснага страхаваньня і навінамі беларускага дакумэнтальнага кіно.

"Народная воля" не пакідае ўвагай гісторыю сьледчай Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай, якую ўжо некалькі месяцаў трымаюць ў сьледчай турме КДБ. Чым ёсьць арышт Байковай: вынікам барацьбы КДБ з пракуратурай, чысткай шэрагаў праваахоўнікаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ці можа Байкова, змагаючыся з карупцыяй, сапраўды парушыла закон і гэтым скарысталіся тыя, каго яна раней падвяла пад суд? Газэта аналізуе розныя вэрсіі. Распавядае намесьнік рэдактара Марына Коктыш:

"Таксама мы вяртаемся да тэмы гучнага звальненьня, ці лепей сказаць прапановы звольніцца з Белдзяржунівэрсытэта вядомаму сацыёлягу, прафэсару Алегу Манаеву. У камэнтары ён сказаў, што яшчэ працуе, ён прыняў іспыты ў студэнтаў, але што будзе далей, ён ня ведае. Нагадаю, што ліст у падтрымку Манаева напісалі больш за 120 навукоўцаў з розных краінаў. Яны зьвярнуліся да кіраўніка дзяржавы і рэктара БДУ з заклікам спыніць перасьлед навукоўца. А сам Манаеў зьвязвае "просьбу" да яго звольніцца добраахвотна з падрыхтоўкай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі".

Дзе лягчэй жывецца вэтэрану другой сусьветнай вайны? Напярэдадні дзяржаўнага сьвята – Дня незалежнасьці, якое прыпадае на Дзень вызваленьня Менска ад фашыстоўскіх захопнікаў, Інтэрнэт-выданьне "Салідарнасьць" зьвярнулася да праблемы дабрабыту беларускіх вэтэранаў вайны. Рэдактар Аляксандр Старыкевіч:

"Напярэдадні 3 ліпеня наша выданьне друкуе артыкул, у якім параўноўваюць умовы, у якіх жывуць вэтэраны ў Беларусі, Ізраілі ды іншых краінах сьвету. На жаль, высьветлілася, што наша дзяржава шануе сваіх вэтэранаў больш на словах".