Вянок памяці: Альгірдас Бразаўскас

26 чэрвеня ў Вільні ва ўзросце 77 гадоў пасьля працяглай хваробы памёр былы прэзыдэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас.

Альгірдас Мікалас Браза́ўскас
(Algirdas Mykolas Brazauskas) нарадзіўся 22 верасьня 1932 году ў горадзе Рокішкіс. У канцы 1980-х гадоў сакратар ЦК кампартыі Літвы Бразаўскас падтрымаў стварэньне руху “Саюдзіс”, выказаўся за аўтаномію літоўскай кампартыі ад КПСС і за сувэрэнітэт Літвы. Спрыяў правядзеньню ў Вільні першага (устаноўчага) зьезду Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”.

У 1992 годзе Бразаўскас быў абраны сьпікерам парлямэнту, а ў 1993 годзе стаў прэзыдэнтам Літвы. Быў адным зь першых кіраўнікоў краінаў, якія наведалі незалежную Беларусь.

З 2001 па 2006 год займаў пасаду прэм’ер-міністра Літвы. Пасьля адстаўкі з пасады кіраўніка ўраду яшчэ год працягваў узначальваць Дэмакратычную партыю працы.

Менавіта за часам прэм'ерства Бразаўскаса Літва ўступіла ў НАТО (29 сакавіка 2004 году) і Эўрапейскі Зьвяз (1 траўня 2004 году).

Апошнія гады Бразаўскас хварэў на лімфагрануламатоз (злаякасная пухліна лімфатычнай тканкі). Лячыць гэтую небясьпечную хваробу ён езьдзіў і ў Ізраіль. Год таму экс-прэзыдэнт пакутаваў на рак прастаты, аднак пасьля шматлікіх сэансаў прамянёвай тэрапіі хваробу ўдалося перамагчы.

Больш падрабязна біяграфія Бразаўскаса апісаная на партале ru.DELFI.lt.