Магілёў: валянтэры «Гавары праўду» на волі

У чацьвярых затрыманых магілёўскіх валянтэраў грамадзянскай ініцыятывы «Гавары праўду» канфіскавалі тры тысячы ўлётак «Сто абліччаў беспрацоўя». Актывісты распаўсюджвалі іх у мікрараёне Саломенка на вуліцы Жамчужнай. У пастарунку два хлопцы й дзьве дзяўчыны прабылі агулам каля трох гадзінаў.
«Мы раскідалі ўлёткі па паштовых скрынях. Нехта патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што мы гэтым займаемся, і калі выходзілі з пад’езду, нас ужо чакалі міліцыянты з аўтаматамі. Міліцыянты напісалі рапарты, выклікалі ўчастковага, і той завёў нас у пастарунак. Улёткі пералічылі й паведамілі, што іх аддадуць на экспэртызу і калі ня выявяць там крамолы, то нам вернуць. У мяне канфіскавалі каля дзьвюх тысяч улётак. Раскідаць мы шмат не пасьпелі. Укінулі каля дзьвюхсот толькі», — паведаміў «Свабодзе» валянтэр Алесь Паплыка.

У другога затрыманага, Аляксея Цэдзіка, міліцыянты канфіскавалі 791 улётку. Хлопцы раскідалі ўлёткі са сваімі сяброўкамі. Іх імёны папрасілі не паведамляць.