Анкета Свабоды: Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Інжынэр, прадпрымальнік, палітык. Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну. Закончыўшы сярэднюю школу працаваў рабочым саўгасу «Друць» Бялыніцкага раёну. Пасьля атрыманьня дыплёму Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі быў загадчыкам майстэрні, галоўным інжынэрам, дырэктарам саўгасу «Іскра» Бялыніцкага раёна. З 1991-га да 2001-га працаваў у Шклове галоўным мэханікам МПМК-283, а затым дырэктарам раённага вытворчага аб’яднаньня ЖКГ. Пасьля актыўнага ўключэньня ў дэмакратычны рух вымушаны быў сысьці з пасады. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-украінскага прадпрыемства «Гідрасіла-Белая Русь», камэрцыйным дырэктарам прыватнага прадпрыемства ў Магілёве, прыватным прадпрымальнім. Ад 2008 году — супрацоўнік ТАА «СтройАрком» (Санкт-Пецярбург). Тройчы — у 1987, 1991 і 1995 гадах — абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. У 1993 годзе абраны старшынёй Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ, а з 2009 — намесьнік старшыні Партыі БНФ і ГА БНФ «Адраджэньне». Жыве ў Шклове.


Што для вас свабода?


Свабода — гэта тое, што кожны чалавек павінен мець ад нараджэньня. Свабода — гэта паўсядзённае права і магчымасьць самастойна прымаць рашэньні, самастойна думаць і выказваць свае меркаваньні, самастойна выбіраць і быць абраным згодна свабоднага волявыяўленьня грамадзян. Свабода — гэта быць свабодным грамадзянінам свабоднай краіны. І ў той жа час свабода — гэта разуменьне таго, што яна заканчваецца там, дзе пачынаюцца правы іншых людзей.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Некампэтэнтнасьць і хамства людзей, надзеленых нейкімі функцыямі любога віду ўлады.



Што для вас шчасьце?


Калі шчасьлівыя родныя і блізкія мне людзі.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Дачаснай страты здароўя і немагчымасьці дасягненьня пастаўленых перад сабой жыцьцёвых мэтаў.



Які талент вы хацелі б мець?


Музычны.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Ніколі не імкнуўся ствараць у сваім жыцьці для сябе куміраў.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Назіраць, як прарастаюць і растуць расьліны, пасаджаныя ўласнымі рукамі на ўчастку каля бацькоўскай хаты ў роднай вёсцы.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Пастараўся б больш сур’ёзна ставіцца да вучобы.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Заўсёды з павагай успрымаю парады ад сяброў і блізкіх мне людзей. Усе іх цаню аднолькава.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Жыве БЕЛАРУСЬ !!!



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Згодна Канстытуцыі 1994 году.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У тую, у якой мне наканавана нарадзіцца і пражыць сваё жыцьцё.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


У першую чаргу прыклаў бы намаганьні па зьмяненьні заканадаўства аб эканамічнай свабодзе ў краіне, накшталт НЭПу ў Расеі ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя, і адраджэньні нацыянальна-дэмакратычных і культурных каштоўнасьцяў.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Добрасуседзкія, з пэрспэктывай уступленьня у Эўразьвяз.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Добрасуседзкія і раўнапраўныя адносіны двух незалежных дзяржаў. (Мы павінны жыць у асобных добраўпарадкаваных кватэрах, а не ў адной камунальнай).



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


У нас і дыктатура зараз не свая.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


На жаль, калі працэсы ў падзеньні эканомікі краіны дасягнуць незваротных працэсаў, і лекі ў выглядзе крэдытаў ёй ужо больш не дапамогуць.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Нельга казаць, што ўсе беларусы не размаўляюць па-беларуску. А астатнія загавораць па-беларуску, калі ў Беларусі зьменіцца ўлада.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Я ўпэўнены, што блізка той час, калі беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай, і беларусы загавораць па-беларуску.