БНФ ставіць на Кастусёва

Выбарчы штаб Рыгора Кастусёва -- патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад Партыі БНФ ачоліць старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Такое рашэньне прыняў партыйны сойм.

Ініцыятыўная група кандыдата будзе налічваць ня менш за адну тысячу чалавек. У заключным слове спадар Янукевіч падкрэсьліў, што ў партыі ёсьць толькі адзін кандыдат у прэзыдэнты, а старшыні сталічнай партыйнай арганізацыі Віктару Івашкевічу параіў дабраахвотна сысьці ў адстаўку.

Першае пытаньне, якое сёньня разглядаў сойм, фармулявалася так – "Аб прэзыдэнцкіх выбарах". Старшыня партыі нагадаў, што яна вылучыла на зьезьдзе 29 траўня кандыдатам ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва. Адначасова партыйнае кіраўніцтва вядзе перамовы і пра вылучэньне адзінага кандыдата ад Беларускага незалежніцкага блёку, сказаў спадар Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
"І Партыя БНФ, і БНБ зьяўляюцца лідэрамі працэдуры выхаду на адзінага кандыдата. Так званыя праймэрыз, якія прапаноўвалі так званыя АДС, ляснулі ўжо вельмі даўно. Рада беларускай інтэлігенцыі са сваёй працэдурай таксама заглохла. А ў БНБ ёсьць вельмі вялікі шанец выйсьці на адзінага кандыдата. І я лічу, што гэта ёсьць чарговае сьведчаньне таго, што менавіта нацыянальна-дэмакратычныя сілы ў Беларусі зьяўляюцца найбольш адказнымі, найбольш дамоваздольнымі".

З такім падыходам не пагадзіўся Вінцук Вячорка. Ён сказаў, што БНБ ствараўся апрыёры пад аднаго чалавека – Аляксандра Мілінкевіча. А лідэр руху "За свабоду" дагэтуль, паводле спадара Вячоркі, не адмежаваўся ад свайго ўдзелу ў "эўрапейскай палітыцы замірэньня з дыктатарам".

Вінцук Вячорка згадаў таксама, што ў партыі ёсьць два кандыдаты ў прэзыдэнты – і Рыгор Кастусёў, і Лявон Баршчэўскі. І заклікаў абодвух сустракацца, і дамаўляцца:

Вінцук Вячорка
"Абавязкова выкарыстаць гэты момант, каб пераадолець ідэйна-палітычны падзел, які ў нашай партыі абазначыўся. І аб'яднацца дзеля салідарнага, моцнага, самастойнага, з пэрспэктывай магчымай перамогі ў шырокай працэдуры выхаду на адзінага кандыдата, нашага прэтэндэнта".

А выступ старшыні Менскай гарадзкой партыйнай арганізацыі Віктара Івашкевіча літаральна ўзарваў аўдыторыю. Партыйны лідэр публічна паведаміў аб сваім рашэньні працаваць у кіраўніцтве выбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Сваё рашэньне ён патлумачыў тым, што "ня хоча займацца мышынай вазьнёй, якая цяпер адбываецца ў партыі БНФ":

Віктар Івашкевіч
"Гэта бура ў шклянцы субстанцыі, якая кепска пахне, унутры БНФ, падштурхоўвае мяне не бултыхацца ў гэтай субстанцыі, а заняцца змаганьнем з рэжымам".

Удзельнікі паседжаньня задалі Віктару Івашкевічу пытаньне ці зьбіраецца ён у гэтай сытуацыі складаць зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка гарадзкой арганізацыі. Івашкевіч адказаў, што пра сытуацыю ён дакладзе сябрам сталічнай арганізацыі і будзе чакаць іхнага рашэньня.

Рыгор Кастусёў сказаў, што рашэньне кіраўніка сталічнай арганізацыі ня толькі яго зьдзівіла, але і выклікала жах:

Рыгор Кастусёў
"Я зараз (можа, гэта слова будзе абразьлівае) Ваша рашэньне успрымаю, як форма здачы ў арэнду партыі або часткі партыі – яе сталічнай арганізацыі".

Вынікі дыскусіі падвёў Аляксей Янукевіч. Ён назваў Лявона Баршчэўскага "самавылучэнцам" і падкрэсьліў, што ў партыі ёсьць толькі адзін кандыдат у прэзыдэнты – Рыгор Кастусёў. А пра прапанову Вінцука Вячоркі аб аб'яднаньні ініцыятыўных групаў двух прэтэндэнтаў старшыня партыі сказаў так:

"Такая прапанова ёсьць ідэяй, ёсьць спробай аформіць раскол партыі. Паколькі калі ёсьць два кандыдаты і ёсьць дзьве ініцыятыўныя групы, гэта значыць ёсьць дзьве партыі".

Другім пытаньнем у парадку дня значылася арганізацыйнае. Але паколькі на ім зьбіраліся абмяркоўваць этычныя праблемы, то журналістаў папрасілі пакінуць залю.