Пракуратура Зальцбургу расьсьледуе падрабязнасьці адпачынку Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка

Пра гэта паведаміў Свабодзе аўстрыйскі спартовы экспэрт і журналіст Эрвін Рот.

Сёлета ў красавіку Эрвін Рот апублікаваў у вядучых СМІ Аўстрыі шакуючыя падрабязнасьці адпачынку беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі і яго сьвіты ў Альпах у 2002 годзе. Гэты ваяж, у якім разам з прэзыдэнтам узялі ўдзел два яго старэйшыя сыны Віктар і Дзьмітры, а таксама Ўладзімір Канаплёў, Ірына Абельская, Галіна Жураўкова, Уладзімір Макей, Натальля Пяткевіч і іншыя, адбыўся на запрашэньне тагачаснага старшыні аўстрыйскага Нацыянальнага алімпійскага камітэту, уладальніка сеткі казіно доктара Леа Вальнэра. Паводле Эрвіна Рота, у пракуратуры Зальцбургу лічаць, што супраць Вальнэра і ягонай кампаніі Casinos Austria павінна быць распачатая крымінальная справа.

Як вынікае з матэрыялаў, прадстаўленых пракуратуры самім Ротам, у рэальнасьці аўстрыйскі НАК, які нібыта афіцыйна запрасіў беларускую дэлегацыю на чале з Лукашэнкам — на той час неўязным у ЭЗ, — ня меў да гэтага візыту ніякага дачыненьня. Іншымі словамі, быў зроблены пэўны трук: адзін кіраўнік алімпійскага камітэту, Вальнэр, запрасіў другога — Лукашэнку. Аднак насамрэч аніводзін прадстаўнік НАК, акрамя самога Вальнэра, з дэлегацыяй не сустракаўся.

Згодна зь фінансавымі дакумэнтамі, якія знаходзяцца ў распараджэньні пракуратуры, выдаткі на канікулы Лукашэнкі толькі для аўстрыйскага боку склалі сама меней 200 тысяч эўра. Аплата праводзілася праз "чорную бухгальтэрыю" або патаемны рахунак аўстрыйскага НАКу. Рэальна ж усе рахункі аплачвала фірма Casinos Austria. Сярод выдаткаў — плата за паслугі гатэляў, авіякампаніі (чартэрны рэйс Вена — Інсбрук), верталётнай кампаніі (верталёт спатрэбіўся прэзыдэнту пасьля траўмы, калі яго з горнага схілу даставілі да прыватнага лекара), ганарарныя чэкі за мэдычныя паслугі, аплата гарналыжных урокаў для 11 прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, арэнда аўтобуса для 34 чалавек, гульня беларускага кіраўніка ў аўстрыйскіх казіно, мноства выпітых беларускай камандай алькагольных напояў і г.д.

Гісторыю 8-гадовай даўніны мясцовыя аглядальнікі разглядаюць найперш як вялікі аўстрыйскі скандал.

Ці было гэта прасоўваньнем пэўных бізнэс-інтарэсаў на беларускім рынку? Калі так, то чыіх менавіта? На гэтыя ды іншыя пытаньні жадае атрымаць адказ пракуратура аўстрыйскага Зальцбургу.