Беларускія палітыкі ацэньваюць забарону гей-параду

Менскі гарвыканкам забараніў правядзеньне шэсьця, якое мелася адбыцца ў рамках Славянскага гей-прайду, заплянаванага на 14 — 17 траўня. Заяўнікі шэсьця меркавалі правесьці акцыю ў суботу, 15 траўня, па маршруце: Белдзяржфілярмонія — праспэкт Незалежнасьці — Нацыянальная акадэмія навук. Фармальная прычына забароны — немагчымасьць правядзеньня масавых акцыяў бліжэй, чым за 200 мэтраў ад падземных пераходаў і станцыяў мэтро. Як расцэньваюць факт забароны беларускія апазыцыйныя палітыкі?

Славянскі гей-прайд 2010 у Менску арганізоўваецца беларускімі і расейскімі сябрамі аргкамітэту пад лёзунгам "Гей-роўнасьць без кампрамісаў". Забарону правядзеньня гэтага шэсьця старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў няпэўна:

"Рашэньні ўладаў адносна акцыяў апазыцыі — яны заўсёды ясна палітычна матываваныя. І тут заўсёды проста даваць ацэнку. Што да гэтага выпадку, то ці ёсьць тут падобны матыў, ці ўлады сапраўды парушылі закон — не магу сьцьвярджаць, што гэтая забарона ёсьць наўпрост палітычным рашэньнем і парушэньнем свабоды грамадзянаў".

Станоўчую ацэнку факту забароны шэсьця беларускіх і расейскіх прадстаўнікоў сэксуальных мяншыняў па вуліцах Менску даў лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

"Забарона абсалютна слушная. Бо мы ведаем, што гэтыя вычварэнскія маршы забараняюць таксама ў эўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў суседніх — Літве, Польшчы. Былы прэзыдэнт, мэр Варшавы Лех Качынскі таксама забараняў. Таму тыя грамадзтвы, якія трымаюцца традыцыйных каштоўнасьцяў, не жадаюць дэградацыі свайго народу, яны стараюцца не распаўсюджваць вось гэтых каштоўнасьцяў псэўдасвабоды".

Палітык Мікола Статкевіч мяркуе, што забарона гей-параду ў Менску ўкладваецца ў агульную сытуацыю ў беларускім грамадзтве:

"У Беларусі звычайна не санкцыянуюцца любыя масавыя акцыі, арганізатарамі якіх выступае ня ўлада і не праўладныя арганізацыі. Гэта ўжо тое, што ўстаялася і зьяўляецца фактам. Ёсьць выключэньне, калі ўдзельнікам дзьвюх традыцыйных акцыяў апазыцыі дазваляюць сабрацца каля Акадэміі навук, але пасьля ўсё роўна адпраўляюць у парк на плошчу Бангалор. Гэта па-першае, а па-другое — уладам лёгка прымаць такое рашэньне ў дадзенай канкрэтнай сытуацыі, бо яны могуць абапірацца на маўклівую падтрымку большасьці беларускага грамадзтва, якое нэгатыўна ставіцца да публічных праяваў сваёй сэксуальнай арыентацыі".