Сяргей Каваленка атрымаў 3 гады ўмоўна

Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу. Таксама ён павінен выплаціць матэрыяльную кампэнсацыю тром міліцыянтам у памеры 3,5 мільёна рублёў. Прадпрыемству "Гарсьвятло" С.Каваленка, паводле рашэньня суду, павінен выплаціць за пашкоджаную ілюмінацыю 1 мільён 222 тысячы рублёў і 62 тысячы рублёў "Зеленбуду".
Адвакат Сяргея Каваленкі лічыць, што вынесены прысуд "даволі мяккі." Нагадаем, абвінавачаньне просіла для Сяргея Каваленкі пакараньня ў выглядзе трох гадоў хіміі.

10.45 У калідоры суду зьявіліся супрацоўнікі АМАПу

10.37 Судзьдзя абвясьціў перапынак на паўгадзіны. Пасьля гэтага будзе прысуд.

10.34 Судзьдзя ўвесь час перабівае падсуднага – нібыта ягоная прамова ня мае дачыненьня да крымінальнага абвінавачаньня.

10.31 Сяргей Каваленка выступае з апошнім словам. Ён гаворыць пра тое, што зьдзяйсьняў палітычную акцыю, а не хуліганскі ўчынак.



7 студзеня сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай ёлцы Віцебску. За гэта яго вінавацяць у злосным хуліганстве. Яго таксама вінавацяць у тым, што ён аказаў супраціў міліцыянтам падчас затрыманьня. Паводле двух крымінальных артыкулаў Сяргею Каваленку пагражае да 5 год абмежаваньня волі.