Сьледчы аддзел пракуратуры Магілёўскай вобласьці выставіў абвінавачаньне падазраванаму ў забойстве дзьвюх жанчын. Іх расчлененыя целы былі знойдзеныя 23 і 31 сакавіка ў раёне вуліцы Фаціна ў Магілёве.
Паводле старшага памочніка пракурора вобласьці Алы Кузьняцовай, абвінавачанаму інкрымінуецца зьдзяйсьненьне злачынстваў па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэксу Беларусі: “Забойства”, “Забойства, учыненае асобай, якая раней зьдзяйсьняла падобныя злачынствы”. Абвінавачанаму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара.
Падазраванага ў забойствах затрымалі 14 красавіка. Як паведамілі афіцыйныя крыніцы, гэта беспрацоўны мужчына 1970 году нараджэньня. Жанчын ён забіваў у сваёй кватэры пасьля расьпіцьця алькагольных напояў і сварак. Афіцыйна было прызнана, што падазраваны не знаходзіўся на псыхіятрычным уліку.