Ярмошына: Лукашэнка меў на ўвазе міжнародны ціск

Сёньня пасьля заканчэньня паседжаньня Цэнтральнай выбарчай камісіі яе старшыня Лідзія Ярмошына адказала на пытаньні журналістаў.

У прыватнасьці яна так пракамэнтавала выказваньні Аляксандра Лукашэнкі двухтыднёвай даўніны пра тое, што чарговыя прэзыдэнцкія выбары будуць вельмі цяжкімі: "Мне цяжка казаць, паколькі я думаю, што цяжкасьці усё ж такі будуць не ўнутры краіны, а з-за яе межаў. Таму, я думаю, кіраўнік дзяржавы ўсё ж меў на ўвазе нейкі міжнародны ціск, пра які ён лепш праінфармаваны за мяне".

Лідзія Ярмошына паведаміла, што фактычна вынікі выбарчай кампаніі зацьверджаныя. У Беларусі не абраныя 15 дэпутатаў з мясцовых саветаў з агульнай колькасьці 21303.

Па дадзеных ЦВК, на гэты дзень дасюль не разгледжана 18 скаргаў. Пераважна ўсе яны тычацца адной і той жа праблемы: немагчымасьць кандыдатаў, давераных асобаў альбо назіральнікаў назіраць за падлікам галасоў з той адлегласьці, калі бачны рэальны падлік галасоў.

Гэтыя скаргі, паводле паведамленьняў выбарчай камісіі, будуць разгледжаныя на наступным тыдні.