Нямеччына хоча пабудаваць у Беларусі ветракі-электрастанцыі на 250 млн.эўра

Нямецкая кампанія Enertrag AG плянуе прыцягнуць крэдытныя рэсурсы Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) для разьвіцьця ветрапарку ў Дзяржынскім раёне Менскай вобласьці, паведаміў журналістам у сераду ў Менску сябра рады дырэктараў кампаніі Вэрнэр Дывальд.
“Интекрфакс-Запад” прыводзіць словы Дывальда:

"Агульны кошт праекту складае 250 млн. эўра. На першым этапе аб'ём фінансаваньня складзе 140 млн. эўра, мы вядзем перамовы з ЭБРР аб прыцягненьні крэдытных рэсурсаў".

Як паведаміў журналістам прэм'ер-міністр зямлі Брандэнбург Маціяс Платцэк, будаўніцтва ветрапарку будзе ажыцьцяўляцца ў 2 этапы. На першым этапе будуць пабудаваны ветраныя энэргаўстаноўкі сумарнай магутнасьцю 80 МВт, на другім этапе – 160 МВт. "Рэалізацыяй праекту будуць займацца нашы прадпрымальнікі – кампанія Enertrag. Мы ж створым ўмовы для таго, каб гэты праект запрацаваў", – сказаў М. Платцэк, заўважыўшы, што праект можа быць рэалізаваны на працягу 2 гадоў з пачатку будаўніцтва.

Прэм'ер-міністр зямлі Брандэнбург таксама заўважыў, што будаўніцтва ветрапарку, акрамя зьніжэньня залежнасьці Беларусі ад імпартаваных відаў паліва, дазволіць стварыць у рэгіёне і новыя працоўныя месцы.

М. Платцэк адзначыў, што Нямеччына 15 гадоў таму пачала займацца малой энэргетыкай і выкарыстаньнем мясцовых відаў паліва. "Тады было вельмі шмат скептыкаў, але зараз у Нямеччыне 50% электраэнэргіі выпрацоўваецца за кошт аднаўляльных рэсурсаў", – падкрэсьліў прэм'ер.