У паплечнікаў Някляева шукалі наркотыкі

Уладзімер Някляеў

25 красавіка ў Мазыры міліцыя правяла дагляд прыватнага жытла, дзе кіраўнік грамадзкай кампаніі "Гавары праўду", знакаміты беларускі паэт Уладзімер Някляеў сустракаўся з паплечнікамі.

Як гэта было, апавядае журналіст Віталь Бабін:

“Прыехаў нарад міліцыі, і ў кожнага з нас запатрабавалі дакумэнты, у тым ліку і ў паэта Някляева. Перапісалі адрасы, дзе хто жыве. Усё гэта яны здымалі на відэакамэру. Пасьля агледзелі ўвесь дом. Заявілі, што ў райаддзел міліцыі паступіла інфармацыі: маўляў, у доме спажываюць наркотыкі”.

Натуральна, ніякага опіюму ў доме не знайшлі. На стале ляжала толькі розная друкаваная прадукцыя, тым ліку газэта “Народная воля” й рэклямныя абвесткі кампаніі "Гавары праўду".

Міліцыянты з наркотыкаў хутка пераключыліся на друкаваныя выданьні – узялі па аднаму асобніку кожнага зь іх. Сказалі, “дзеля вывучэньня”. Пра тое, будуць канспэктаваць ці не, гаворкі не было.

Як лічыць спадар Бабін, відавочна, што міліцыянтаў – ці тых, хто іх паслаў, – турбуе перш за ўсё сама кампанія “Гавары праўду”, якая знаходзіць усё большую падтрымку ў грамадзтве.