Урмат Акунаў: “Патрабуем вярнуць Бакіева”

Сёньня ў Бішкеку прадстаўнікі праваабарончых і моладзевых арганізацый пікетавалі амбасаду Беларусі.
Сярод арганізатараў пікетаваньня быў Урмат Акунаў, прадстаўнік Фонду імя Бекціміра Акунава.

Акунаў: “Я прадстаўляю грамадзкі фонд імя Бекціміра Акунава. Мой бацька Бекцімір 14 красавіка 2007 году быў забіты міліцыяй у той час, калі прэзыдэнтам быў Бакіеў. І падчас нядаўніх падзеяў 87 чалавек загінулі па віне Бакіева. Чаму беларускі прэзыдэнт прыкрывае Бакіева? Мы патрабуем, каб Бакіева вярнулі ў Кіргізстан і не абаранялі. Мы мяркуем і ў наступныя дні пікетаваць беларускую амбасаду, калі нашае патрабаваньне ня будзе выкананае”.

Паводле слоў Урмата Акунава, супрацоўнікі беларускай амбасады да пікетоўцаў ня выйшлі.