Украінская апазыцыя сабрала подпісы за пазачарговае паседжаньне Рады

Апазыцыя перадала старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімеру Літвіну 153 подпісы дэпутатаў Украіны з патрабаваньнем правесьці пазачарговае паседжаньне парлямэнту. На ім плянуецца разгледзець два пытаньні. Адно – праект пастановы Вярхоўнай Рады "Аб непрымальнасьці пагадненьня паміж Украінай і Расеяй у пытаньнях знаходжаньня Чарнаморскага флёту Расеі на тэрыторыі Украіны».

Другое – праект пастановы аб расьсьледаваньні магчымага складу злачынства ў дзеяньнях прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і службовых асоб Кабінэту міністраў Украіны пры заключэньні і падпісаньні пагадненьня паміж Украінай і Расеяй у пытаньні знаходжаньня Чарнаморскага флёту РФ на тэрыторыі Украіны.

Адначасова на сайце Вярхоўнай Рады ў чацьвер зьявіліся паведамленьні, што гэтыя два праекты пастановаў зарэгістраваныя і перададзеныя на разгляд кіраўніцтву.

Вызначаны таксама шэраг камітэтаў, якія павінны разгледзець гэтыя праекты яшчэ да іх вынясеньня на разгляд усёй Вярхоўнай Рады. Самі тэксты праектаў між тым яшчэ не апублікаваныя.