Хамайда: “Каваленка першы, хто ішоў у суд пад бел-чырвона-белым сьцягам”

Віцебскі сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка, якога сёньня меліся судзіць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы, прыйшоў у Кастрычніцкі райсуд, трымаючы ў руках такі самы нацыянальны сымбаль. Супраць яго, на дадатак да крымінальнай, распачалі новую адміністрацыйную справу.

Суд над Сяргеем Каваленкам, якога вінавацяць у злосным хуліганстве за вывешваньне нацыянальнага сьцяга на гарадзкой ёлцы ў Віцебску, а таксама ў супраціве супрацоўнікам міліцыі, меўся пачацца сёньня ў 10:30.

На ганку суду на той час сабраліся каля 30 чалавек — аднапартыйцы падсуднага, актывісты іншых партый і рухаў, праваабаронцы і журналісты.

Сяргей Каваленка, падыходзячы да судовага будынка, нечакана для ўсіх дастаў ды разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг і ўзышоў зь ім на ганак. Прысутныя адгукнуліся на ягоны вокліч «Жыве Беларусь!», а дзяжурны міліцыянт пачаў сьпешна выклікаць падмацаваньне. Неўзабаве каля суду зьявілася адразу некалькі службовых машын, зь якіх павыходзілі міліцыянты і людзі ў цывільным.

Сяргею Каваленку загадалі згарнуць сьцяг, але ён не пагадзіўся і павесіў яго перад уваходам у суд. Міліцыянты сарвалі нацыянальны сымбаль, і тады Сяргей Каваленка зноў яго ўзьняў:

Вы ня маеце права кранаць мой сьцяг! Гэта сымбаль беларускага народу!
«Вы ня маеце права кранаць мой сьцяг! Гэта сымбаль беларускага народу! Жыве Беларусь! Усё нармалёва! БНФ не запалохаць! Мы дужыя і моцныя!»

Міліцыянт: «Калі ласка, не крычыце. Ну калі ласка! Вы ня маеце права тут праводзіць мітынг».

Каваленка: «Я прыйшоў, каб судзіць вашу ўладу за тое, што вы ўсе подлыя! Жыве Беларусь!»

Тое, што адбывалася на ганках, прыцягнула ўвагу мінакоў. Пачаў зьбірацца натоўп. Журналіст рабілі фота- і відэаздымкі. Па міліцэйскіх рацыях прагучала каманда, што ўсіх з камэрамі і фотаапаратамі трэба затрымаць разам зь Сяргеем Каваленкам.

Тым часам актывіст зайшоў у суд, дзе яму паведамілі, што працэс па ягоным абвінавачаньні за сьцяг на ёлцы пераносяць на 12 траўня. Афіцыйная прычына — тое, што ў прызначанага судзьдзі Яўгена Бурунова зьявіліся пільныя асабістыя праблемы. Прысутныя каля суду мелі іншае меркаваньне: судзьдзя не хацеў пачынаць працэс пад увагай грамадзкасьці.

Сяргея Каваленку завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі і склалі пратакол за сёньняшнюю несанкцыянаваную акцыю. Каля пастарунку сабраліся ягоныя сябры, і нехта вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг ужо на будынку міліцыі. Гэта справакавала цэлую хвалю затрыманьняў: у пастарунак забралі Паўла Севярынца і журналіста Ўладзіслава Стараверава, які здымаў усе падзеі на відэакамэру. Пазьней туды ж прывезьлі Віталя Каваленку, роднага брата падсуднага, і ягонага сябра Тараса Сургана — абодвух затрымалі ў горадзе, каб удакладніць, якое дачыненьне яны мелі да акцыі Сяргея Каваленкі.

У Чыгуначны РАУС трапіў Барыс Хамайда. Яго затрымалі за тое, што ён нібыта перайшоў дарогу ў неналежным месцы.

Пасьля таго як затрыманых апыталі, зь міліцыі адпусьцілі ўсіх, апрача Сяргея Каваленкі. Яму паведамілі, што павязуць у суд, каб пакараць за сёньняшнюю акцыю, і сябры актывіста зноў сабраліся каля Кастрычніцкага райсуду. Аднак затрыманага туды так і не даставілі: Сяргей Каваленка паведаміў, што судзьдзю Ірыну Грабоўскую прывезьлі да яго ў пастарунак, каб на працэс ня трапілі гледачы. Але суд усё адно давялося адкладаць: спадар Каваленка запатрабаваў адваката, і разгляд ягонага сёньняшняга ўчынку адбудзецца заўтра ў 9:15.

Ня выключана, што кагось з затрыманых сёньня актывістаў таксама выклічуць у суд — ці ў якасьці сьведак, ці ў якасьці саўдзельнікаў.

Барыс Хамайда
Барыс Хамайда, які сёньня пабываў і ў пастарунку, і двойчы ў судзе, сказаў, што ўражаны акцыяй Сяргея Каваленкі — ён стаў першым, хто ішоў у суд пад бел-чырвона-белым сьцягам:

«Малайчына! Ён самастойна прыняў такое рашэньне і зрабіў тое, што трэба было зрабіць. Пасьля вывешваньня сьцяга на гарадзкой ёлцы гэта цалкам пасьлядоўныя паводзіны».

За сёньняшнюю акцыю Сяргею Каваленку пагражае альбо грашовы штраф, або арышт да 15 сутак.