Беларускія авіятары не чакаюць чартэрных рэйсаў з Казахстану

"Нам нічога не вядома пра чартэрныя рэйсы з Казахстану ў найбліжэйшы час" - заявілі ў Дэпартамэньце па авіяцыі міністэрства транспарту і камунікацыі Беларусі.

Як паведамляе "Інтэрфакс", прадстаўнік дзяржаўнай казахскай авіякампаніі "Бэркут" у Беларусі адмовіўся ад камэнтароў з нагоды вылету з Казахстану самалёта з былым прэзыдэнтам Кіргізстану на борце і маршруту самалёта.

Раней афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстану Аскар Абдрахманаў заявіў: былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў пакінуў тэрыторыю Казахстана.

Абдрахманаў не ўдакладніў, калі Бакіеў пакінуў Казахстан і куды ён накіраваўся.

На мінулым тыдні Бакіеў напісаў заяву пра сваю адстаўку з пасады прэзыдэнта Кіргізстану.