У Менску рабаўнік напаў на пункт абмену валют "БПС-Банку".
18 красавіка ў 11.34 на пульт цэнтралізаванага назірання Маскоўскага аддзела дэпартамента аховы МУС паступіла паведамленне пра тое, што спрацавала сыгналізацыя ў пункце абмену валют "БПС-Банка" ў гандлёвым цэнтры "Вестэр", што на вуліцы Ўманскай.
Калі касірка выходзіла на перапынак, невядомы ў масцы, пагражаючы нажом, спрабаваў трапіць у памяшканне абменніка. На крык жанчыны прыбегла ахова гандлёвага цэнтру і супрацоўнік аддзела дэпартамента аховы МУС, якія і затрымалі злачынцу. Рабаўніком аказаўся 29-гадовы непрацуючы жыхар Рэчыцы (Гомельская вобласьць), паведамляе БелаПАН.
Ранейшыя рабаваньні:
- 21 лютага 2010 году — абрабаваны абменны пункт сталічнага гіпэрмаркету “Прастор”. Злачынца, апрануты ў вайсковы камуфляж, зьнёс рублёў і валюты амаль на сто тысячаў даляраў.
- 30 сакавіка зьдзейсьнены напад на аддзяленьне “Белпрамбанку” на вуліцы Прамой у Менску. Рабаўнік узяў 4 тысячы даляраў
- 6 красавіка — напад на абменьнік у Доме быту на Маскоўскай вуліцы. Спроба аказалася няўдалай — спрацавала сыгналізацыя. Але міліцыя не пасьпела схапіць злачынцу.
- 18 сьнежня 2009 году быў абрабаваны абменьнік ва ўнівэрсаме "Цэнтральны". Тады з сэйфу выкралі 55 мільёнаў беларускіх рублёў.
- 10 сьнежня 2009 году была забітая касірка абменнага пункту «Абсалютбанку» ля гандлёвага цэнтру «Аўтазаводзкі». Рабаўнік выкраў буйную суму грошай.