Невядомыя абрабавалі аўтамабіль праваабаронцы

Алена Танкачова (зьлева).

Алена Танкачова, старшыня «Фонду разьвіцьця прававых тэхналёгій», паведаміла «Свабодзе», што сёньня ўначы невядомыя разьбілі шкло ў яе аўтамабілі. З салёну скралі яе асабістыя рэчы.

Сьледчыя паведамілі, што рабаўнікі былі ў пальчатках. Паводле крадзяжу распачата крымінальная справа.

Праваабаронца Алена Танкачова паведаміла «Свабодзе»: «Даволі высокая верагоднасьць таго, што сапраўднай мэтай невядомых быў ня столькі крадзеж, колькі ператрус аўтамабіля. Я не выключаю, што гэтыя дзеяньні зроблены з мэтай ціску на мяне як на праваабаронцу.

Апошнім часам я была ініцыятаркай перамоўнага працэсу з прадстаўнікамі сілавых структур напярэдадні правядзеньня масавых акцый, а таксама сябрам групы экспэртаў, якая дала негатыўную ацэнку пэрспэктываў будаўніцтва АЭС. Іншыя сябры групы таксама адчуваюць ціск».