У Кіргізстане – двухдзённая жалоба па ахвярах непарадкаў

У Кіргізстане, пачынаючы зь сёньняшняга дня, аб’яўлена двухдзённая жалоба па ахвярах непарадкаў у Бішкеку і іншых гарадох краіны. У выніку забурэньняў загінулі 75 чалавек, больш як тысяча людзей атрымала раненьні.

Курманбэк Бакіеў заявіў, што не складае зь сябе паўнамоцтваў прэзыдэнта Кіргізстану. Бакіеў пры гэтым выказаў гатовасьць да перамоваў з самаабвешчаным часовым урадам. Палітык знаходзіцца на поўдні Кіргізстану і не зьбіраецца, паводле яго словаў, пакідаць краіну.

Сытуацыя ў Бішкеку тым часам застаецца складанай. У ноч на пятніцу мелі месца новыя выпадкі марадэрства і ўзброеных сутыкненьняў. Натоўп некалькі разоў спрабаваў захапіць будынак гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў.

Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Кіргізстану Балот Шэрніязаў аддаў напярэдадні загад сілам бясьпекі страляць па марадэрах.