Не пажадалі быць на выбарах дэкарацыяй

Уладзімер Сякерка («Справядлівы сьвет»), Васіль Палякоў (АГП) падчас брыфінгу.

Сёньня Гомельская абласная рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў прыняла рашэньне адклікаць сваіх вылучэнцаў, зарэгістраваных кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.

«З 295 дэмакратычных кандыдатаў, зарэгістраваных у Беларусі, — паведаміў на брыфінгу для журналістаў сябра рады АДС, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, — траціна, альбо 101 кандыдат, вылучаны ў саветы розных узроўняў на Гомельшчыне. Мы адклікаем сваіх прадстаўнікоў з кандыдатаў, бо не жадаем быць дэкарацыяй у гэтым выбарчым фарсе, які чамусьці называецца выбарамі».

Партыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты адкліканы таму, што, на думку партыйных актывістаў, зьмены ў выбарчае заканадаўства ніяк не паўплывалі на рэальную арганізацыю выбараў. Улады амаль не ўключылі вылучаных прадстаўнікоў АДС у выбарчыя камісіі, і найперш ва ўчастковыя, дзе вядзецца першасны падлік галасоў. На партыйных вылучэнцаў аказваўся ціск з боку адміністрацый, асабліва ў дачыненьні тых, хто мае працу.

Цяпер дэмакратычныя прадстаўнікі застаюцца толькі працаваць у камісіях. Яны будуць працягваць весьці назіраньне за выбарчай кампаніяй і тлумачыць людзям, чаму іхнія вылучэнцы адмовіліся ад кандыдацтва.

Рашэньню рэгіянальнай рады АДС папярэднічала адмена вылучэньня кандыдатаў на паседжаньнях партыйных органаў, якія маюць на гэта права паводле выбарчага заканадаўства.

З прычыны зьняцьця з выбараў партыйных кандыдатаў яшчэ больш зьменшылася і без таго невялікая канкурэнтнасьць на выбарах. Напрыклад, большая палавіна акругаў у Гомельскі гарсавет цяпер ня мае альтэрнатыўных кандыдатаў.

У выбарчай кампаніі засталіся ўдзельнічаць ад АГП, партыі левых «Справядлівы сьвет» каля паўдзесятка кандыдатаў у дэпутаты зь ліку тых, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў. Балятуецца на выбарах у гарсавет і 1 кандыдат ад партыі «Зялёных».