Новая стратэгія Абамы: калі ЗША могуць ужыць ядзерную зброю?

Сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіць з прамовай, у якой прадставіць новую ядзерную стратэгію Злучаных Штатаў. Яна будзе абнародаваная напярэдадні падпісаньня ў Празе новай амэрыкана-расейскай дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў. Зьмест ядзернай канцэпцыі Абамы не з’яўляецца сакрэтам. Прапануем Вашай увазе прысьвечаны гэтай тэме артыкул Мэры Бэт Шэрыдан і Уолтэра Пінкаса у газэце The Washington Post (у скарачэньні).

Праз год пасьля свайго знакавага абяцаньня пачаць рух да "сьвету без ядзернай зброі", прэзыдэнт Абама абвесьціць у аўторак новую стратэгію, якая абмяжоўвае ролю такой зброі, аднак зьяўляецца больш стрыманай і асьцярожнай, чым разьлічвалі шматлікія прыхільнікі амэрыканскага лідэра. Прэзыдэнт вырашыў прытрымлівацца памяркоўнага курсу ў многіх ключавых пытаньнях.

Згодна з новым курсам, адміністрацыя адмаўляецца ад ужываньня гэтай зброі супраць няядзернай дзяржавы. У гэтым кардынальнае адрозьненьне ад пазыцый папярэдніх адміністрацый, якія заяўлялі пра магчымасьць ужываньня ядзернай зброі супраць няядзернай дзяржавы ў адказ на біялягічны або хімічны напад.

Аднак Абама уключыў сюды важную агаворку: гэтыя краіны павінны выконваць свае абавязацельствы па нераспаўсюду ў межах міжнародных дамоваў. Такая ўмова азначае, што Іран застанецца ў сьпісе патэнцыйных мэтаў для нанясеньня ядзернага ўдару.

ЗША не адмовіліся ад магчымасьці першага ядзернага ўдару


У новай стратэгіі таксама адзначаецца, што амэрыканская ядзерная зброя ў аснове сваёй зьяўляецца сродкам стрымліваньня. Некаторыя заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі заклікалі Абаму пайсьці далей і абвясьціць, што Злучаныя Штаты не будуць у выпадку ўзьнікненьня канфлікту прымяняць ядзерную зброю першымі. Аднак прадстаўнікі міністэрства абароны і дзяржаўнага дэпартамэнта выказалі занепакоенасьць з нагоды таго, што такая зьмена можа напалохаць саюзьнікаў, якія знаходзяцца пад абаронай ядзернага "парасона" ЗША.

Ядзерная стратэгія адміністрацыі выкладзена ў дакумэнце, якая носіць назву “Агляд стану ядзернага будаўніцтва”. Ён будзе апублікаваны ў пачатку наступнага тыдня, напоўненага важнымі падзеямі. Галоўная падзея ў гэтым шэрагу -- падпісаньне ў чацьвер новай дамовы з Расеяй аб скарачэньні ядзерных узбраеньняў. У наступны аўторак Абама правядзе саміт па кантролі за ядзернымі матэрыяламі, у якім прымуць удзел як мінімум 40 кіраўнікоў дзяржаў.

галоўная ўвага -- тэрарыстам і краінам-ізгоям


Гэты даклад аб стане ядзернага патэнцыялу ЗША вельмі важны, таму што ў ім выкладаецца мэханізм прыняцьця рашэньняў па ядзернай палітыцы ЗША на наступныя 5-10 гадоў.

Новая канцэпцыя істотна адрозьніваецца ад ядзернай дактрыны адміністрацыі Буша, прычым па шэрагу кірункаў. Аднак афіцыйныя асобы і аналітыкі заяўляюць, што яе характэрнай рысай зьяўляецца асьцярожнасьць і абачлівасьць. Такі падыход адлюстроўвае імкненьне не злаваць вайскоўцаў і прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе ў момант, калі Абама спадзяецца дамагчыся ратыфікацыі некалькіх ядзерных пагадненьняў.

У дакумэнце таксама знайшла адлюстраваньне пераемнасьць ядзернай стратэгіі, кажа ядзерны экспэрт Джордж Пэркавіч . Разам з тым, адзначае Пэркавіч, у гэтым дакумэнце ёсьць і істотнае адрозьненьне, паколькі галоўная ўвага ў ім надаецца тэрарыстам і краінам-ізгоям, якія названы асноўнай ядзернай пагрозай. У ім таксама звужаюцца рамкі магчымых сцэнароў, пры ўзьнікненьні якіх ЗША маюць намер выкарыстоўваць ядзерную зброю.

Засьцярогі вайскоўцаў -- "разабраны аўтамат"


Знаёмыя з новай канцэпцыяй палітыкі гавораць пра тое, што зброя не будзе зьнятая з баявога дзяжурства, але ў прэзыдэнта зьявіцца больш часу для прыняцьця рашэньня аб яго ўжываньні. Амэрыканскія вайскоўцы выказалі сваю занепакоенасьць з гэтай нагоды. Кіраўнік стратэгічнага камандаваньня ЗША генэрал Кевін Чылтан зрабіў у мінулым годзе з гэтай нагоды вельмі вобразнае параўнаньне. Ён сказаў, што гэта ўсё роўна, што разабраць аўтамат на часткі і адправіць дэталі па розных адрасах ва ўсе канцы краіны. "Вы адразу апынецца ў крызіснай сытуацыі, калі вырашыце яго сабраць", -- заявіў ён.

Паводле афіцыйных прадстаўнікоў, у пляне Абамы прадугледжаная сумесная праца з расейцамі па зьніжэньні пагрозы выпадковых пускаў. Адзін з варыянтаў прадугледжвае адраджэньне ідэі стварэньня сумеснай сыстэмы раньняга папярэджаньня. Бакі абмяркоўвалі гэтае пытаньне ў 2000 годзе, але рэальнага ўвасабленьня гэтая прапанова не знайшла.

Высокая ступень гатоўнасьці ядзерных сіл захоўваецца з часоў "халоднай вайны". Яна была накіравана на прадухіленьне і папярэджаньне савецкай атакі. Ідэя палягала ў тым, што ў выпадку савецкага ракетнага нападу Злучаныя Штаты хутка запусьцяць свае ракеты наземнага базіраваньня. У выніку ракеты праціўніка зьнішчаць толькі пустыя амэрыканскія шахты, а амэрыканскія ракеты нанясуць па Саветах зьнішчальны ўдар.

"абмежаваныя, але пазытыўныя крокі"


Выканаўчы дырэктар дасьледчай Асацыяцыі па кантролі над узбраеньнямі Дэрыл Кімбал адзначае, што прапанаваныя меры па прадухіленьні ядзерных інцыдэнтаў хаця і носяць абмежаваны характар, але ўсё роўна зьяўляюцца пазытыўнымі.

"Важна тое, што робіцца гэта ў кароткія тэрміны, што дадзенае пытаньне не адкладаецца на некалькі гадоў", --кажа ён.

Адзін высокапастаўлены кіраўнік заявіў, што новая канцэпцыя будзе мець амаль той жа эфэкт, што і зьніжэньне ступені боегатоўнасьці ядзернай зброі. "Хоць мы маем магчымасьць для запуску адразу, як толькі на нашых радарах зьявяцца сыгналы апавяшчэньня, прэзыдэнт можа гэтага і не рабіць", -- сказаў ён.

Адміністрацыя Абамы спадзяецца, што новая канцэпцыя і новая дамова з Расеяй падвысяць яе аўтарытэт у момант, калі яна рыхтуецца патрабаваць ўвядзеньня больш жорсткіх санкцый супраць дзяржаў-ізгояў на важнай травеньскай канфэрэнцыі па Дамове аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, якая на працягу дзесяцігодзьдзяў зьяўляецца галоўным апірышчам ядзернага кантролю.