Настаўніца намагаецца прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці міліцыянтаў

Людміла Старавойтава

Чэрыкаўскі раён суд абавязаны перагледзець скаргу зьняважанай міліцыянтамі настаўніцы зь пятнаццацігадовым стажам Людмілы Старавойтавай. Гэтага запатрабаваў Магілёўскі абласны суд, які выявіў у рашэньні чэрыкаўскіх судзьдзяў памылкі ў працэдуры разгляду скаргі. Яе мусіць разгледзіць новы склад чэрыкаўскіх судзьдзяў і паведаміць пра вынікі ў справаздачы.
Пры сытуацыю, у якой апынулася настаўніца зь вёскі Рэчыца, што на Чэрыкаўшчыне, «Свабода» паведамляла летась 25 жніўня. У гэты дзень двое супрацоўнікаў Чэрыкаўскага раённага аддзелу міліцыі на чале са сваім начальнікам Аляксандрам Райковым выбачыліся перад гэтай жанчынай за неправамернае ўжываньне сілы супраць яе і незаконнае затрыманьне.

Выбачэньні Людмілу Старавойтаву не задаволілі, бо, паводле яе, міліцыянты гэта зрабілі па загадзе міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова. Настаўніца пісала яму скаргі. У лістападзе Старавойтава зьвярнулася ў Чэрыкаўскі суд, каб крыўдзіцеляў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

«У судзе мне не дазволілі мець свайго адваката. Падчас разгляду ў кабінэце была я, прадстаўнік пракурора й сам судзьдзя. Міліцыянтаў не запрасілі на паседжаньне. Працэс доўжыўся каля гадзіны. Судовае рашэньне вынесьлі безь мяне. Калі я знаёмілася з пратаколам, там было шмат фальшаваньняў. Гэта была гульня ў суд, а ня сам суд. Там парушэньні відавочныя нават непрафэсійнаму воку. Як тады давяраць суду, да каго тады зьвяртацца, каб абаранілі. Нават не дазваляюць мець на судзе адваката. Я хачу даведацца, хто даваў загад мяне арыштоўваць. Чапляць на мяне кайданкі й выводзіць у іх са школы на вачах у маіх калегаў. Разабрацца хачу, каб і людзі былі ўпэўненыя, што абараніць сябе можна, а калі не, то няхай бачаць у якой краіне мы жывем», — патлумачыла «Свабодзе» матывы сваіх дзеяньня Людміла Старавойтава.
Разабрацца хачу, каб і людзі былі ўпэўненыя, што абараніць сябе можна, а калі не, то няхай бачаць у якой краіне мы жывем.


З мэтадамі працы чэрыкаўскай міліцыі Людміла Старавойтава пазнаёмілася 1 лістапада 2008 году. Двое міліцыянтаў прыйшлі ў школу, выклікалі яе ў настаўніцкую, без тлумачэньняў гвалтам начапілі кайданкі й на вачах у калегаў вывелі са школы. Пазьней у ходзе сьледзтва высьветлілася, што нагодай для арышту сталася скарга жанчыны з разумовымі адхіленьнямі. Яна вінаваціла Старавойтаву ў зьбіцьці і крадзяжы. Гэтыя факты не пацьвердзіліся.

Людміла Старавойтава ў рэчыцкай сярэдняй школе працуе шаснаццаць гадоў. Яна кіраўнік раённага мэтадычнага аб’яднаньня настаўнікаў беларускай мовы й літаратуры. Пераможца конкурсу «Найлепшы ў прафэсіі» 2003 году. Неаднойчы ўганараваная граматамі абласной управы адукацыі. Вучылася ў гэтай жа школе. Скончыла яе з залатым мэдалём. З адзнакай скончыла й філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.