Вінаваты ня Пуцін, а “пятая калёна”?

Ігар Шувалаў

Падчас сустрэчы зь першым віцэ-прэм’ерам Расеі Ігарам Шувалавым кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў у шматлікіх праблемах беларуска-расейскіх дачыненьняў так званую «пятую калёну». Ён паабяцаў паказаць Расеі і Захаду дакумэнты экспэртызы апазыцыйных сайтаў.

Ігар Шувалаў
сказаў, што на даручэньне прэзыдэнта Расеі наведвае ўсе дзяржавы СНД перад нефармальным самітам 8 траўня ў Маскве. І гэты цыкль паездак завяршаецца ў Менску. Раней паведамлялася, што ў Менску ён правядзе перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.

Нагадаем, што напярэдадні візыту прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна ў Берасьце 16 сакавіка Аляксандар Лукашэнка накіраваўся зь візытам у Вэнэсуэлу. Цяпер Аляксандар Лукашэнка папрасіў Ігара Шувалава пабудаваць размову адкрыта і «наўпрост выказаць, як свайму чалавеку, праблемы і прэтэнзіі».

Кіраўнік Беларусі заявіў пра спробы пэўных сілаў убіць клін у супрацоўніцтва абедзьвюх краінаў. Ён сказаў, што «нядаўна падняўся гвалт вакол некаторых сайтаў апазыцыйных газэт, журналістаў». Ён паабяцаў у бліжэйшы час, пасьля экспэртызы, азнаёміць зь ёй расейскі бок. Паводле Лукашэнкі, «цэнтры гэтых апазыцыйных кланаў знаходзяцца ў Расеі». Маўляў, ад таго, што будзе паказана Расеі і Захаду, «вы можаце наогул выпасьці ў асадак. Таму што я выпаў у асадак, наколькі шкурную пазыцыю могуць займаць асобныя дзеячы. Факт адзін: хто грошы плаціць, на таго яны і працуюць».

Лукашэнка заявіў, што раней ня верыў пра існаваньне пятых калёнаў у Беларусі і Расеі, якія «хочуць сутыкнуць нас, разбурыць любыя нашы пачынаньні. Цяпер я ўсё больш пачынаю ў гэта верыць». Паводле кіраўніка Беларусі, сёньня любы крок у патрэбным рэчышчы «пачынае тарпэдавацца прадстаўнікамі гэтых пятых калёнаў». Аляксандар Лукашэнка заклікаў Ігара Шувалава калі «ня вырашыць праблемы, то неяк наблізіць пазыцыі».

Камэнтуючы гэтыя заявы Лукашэнкі, маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначыў, што ўсё ўпіраецца ў грошы, бо Беларусь ня мае грошай на дарагую нафту і «цягам ужо тыдня нешта некаму даказвае», спрабуючы напалохаць Маскву.

38 трупаў атрымалі ў Маскве 29 чысла. А ён патэлефанаваў — дайце грошай. Масква ў шоку была.
«Пужалі ўжо „Ўсходнім партнэрствам“, Захадам, Вэнэсуэлай, а далей што? Масква не пужаецца, а сьмяецца. Расея не пужаецца і танную нафту не дае. Чалавек кідаецца, бо ён банкрут. То мы ненавідзелі Пуціна, любілі Мядзьведзева. Зь Мядзьведзевым дрэнна, то Пуцін і Мядзьведзеў нам недаспадобы. Ну ляцяць, прагар поўны, грошай няма, адны даўгі растуць. Пятую калёну знойдзе, яшчэ нешта, аб’явіць змову. 38 трупаў атрымалі ў Маскве 29 чысла. А ён патэлефанаваў — дайце грошай. Масква ў шоку была».

Палітоляг Аляксей Кароль зьвяртае ўвагу, што раней Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Уладзімера Пуціна, а цяпер перайшоў на «пятую калёну»:

«Магчыма, ужо так прыціснула, што трэба ад абвінавачаньняў Пуціна пераходзіць да абвінавачаньняў „пятай калёны“. І як бы — прабачце, спадар Пуцін, ня тыя вінаватыя.

Усе гэтыя тэндэнцыі закладзеныя ў альгарытм дзеяньня аўтарытарнай сыстэмы, асабліва такой, якая вырасла з таталітарнай сыстэмы савецкага ўзору. Калі ўзьнікае пагроза стабільнасьці менавіта гэтаму рэжыму з пункту гледжаньня самазахаваньня, дастаюцца ўсе гэтыя тэзы аб пагрозе „пятай калёны“.

На „пятую калёну“ Лукашэнка спрабуе зваліць усе беды і адвесьці незадавальненьне насельніцтва на апазыцыю, хаця насельніцтву ўжо зразумела, што пасьля 15 гадоў кіраваньня менавіта ўлада вінаватая ва ўсіх крызісах».

Журналіст Павал Шарамет лічыць, што ў кіраўніка Беларусі вельмі багатая фантазія.

«Раней усе ворагі беларускага прэзыдэнта, ворагі саюзу Беларусі і Расеі знаходзіліся на Захадзе. У Амэрыцы, Эўропе ўсе журналісты, палітыкі былі агентамі ЦРУ, „Масаду“, польскай дэфэнзывы… Цяпер аказалася, што ўсе ворагі перамясьціліся на ўсход. І ўсе мы, хто лічыўся агентамі ЦРУ, цяпер апынуліся агентамі ФСБ. Гэта нечакана. З гэтым мы яшчэ не сутыкаліся. Гэта сур’ёзная зьмена парадыгмы беларускага лідэра. Ён ужо столькі разоў пагражае, што нешта пакажа. Але ён можа паказаць толькі бруд, які яго спэцслужбы зьляпалі. Ну, што яшчэ ён можа паказаць?»