Маці актывіста аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Юрыя Казака адкрыла рахунак, каб грамадзкасьць магла дапамагчы яе сыну заплаціць штраф 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў.
На такую суму аштрафаваў Юрыя Наваградзкі суд за абліты фарбай помнік Леніну.
Помнік быў абліты ўначы з 6 на 7 лістапада. Тады ж затрымалі моладзевых актывістаў БХД. Але крымінальную справу распачалі супраць Казака. Суд пачаўся 29 сьнежня. Дырэктарка краязнаўчага музэю казала, што помнік не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а плошчу хутка назавуць у гонар Міндоўга.
Гісторыкі-навукоўцы накіравалі ў суд экспэртную даведку пра сапраўдную ролю “правадыра народаў” у гісторыі Беларусі.
Але суд прызнаў, што Юрась Казак дзейнічаў з асаблівым цынізмам, і аштрафаваў яго. Сам Юрась ня мае такіх грошай. У сям’і цяжкое матэрыяльнае становішча. 5 студзеня ў Юрася нарадзілася дачка.