Ці стануць апазыцыянэры дэпутатамі?

На пытаньне Радыё Свабода: “Да ўдзелу ў выбарах дапушчаны многія прадстаўнікі апазыцыі. Як Вы лічыце, яны стануць дэпутатамі мясцовых саветаў?” – адказваюць жыхары Магілёва.
Спадар: “Адзін працэнт, бо апазыцыянэраў фактычна нідзе ня бачна. Толькі ведаюць, што ёсьць апазыцыя і ўсё, то бок канкрэтных дзеяньняў няма. Калі няма дзеяньняў няма партыі”.

Спадар: “Хутчэй за ўсё не. Яны ў меншасьці. І іх падаўляюць тыя хто выступае супраць іх. За іх прагаласуе меншасьць”.

Спадар: “Чаму не дапусьцяць. Я думаю, што дапусьцяць. Я думаю, што ўсё залежыць не ад таго, якую пазыцыю займае, а тое, што ён будзе, як кажуць, для народа рабіць. А хто ён, да якой партыі прыналежыць мне падаецца ня дужа істотна”.

Малады спадар: “Як у нас падтрымка апазыцыі не вялікая, таму можа быць да пяці адсоткаў. Мясцовыя органы нашы нічога ж не вырашаюць”.

Спадар: “Працэнтаў трыццаць, бо дэмакратыя ў нас. Лібэралізацыя. Пачынаем як гаворыцца з Захадам супрацоўнічаць. Захад жа таксама глядзіць, каб была там ня толькі адна ўлада, але яшчэ і апазыцыя, будзем так гаварыць”.

Спадар сталага веку:
“У нас выбары хітрыя. Я па мінулых выбарах памятую вылучаўся адзін будаўнік у мясцовыя саветы ў Вярхоўны савет і нікуды ён не прайшоў. Гэта даволі дзіўна, бо бальшыня наколькі я ведаю за яго галасавала. Таму мне цяжка адказаць на вашае пытаньне?

Спадар: “Апазыцыянэраў дапусьцілі да выбараў для таго, каб яны завабілі людзей на выбарчыя ўчасткі. Усе дэпутаты, якія будуць “абраныя”, яны прызначаныя ўладай. Апазыцыянэраў ня будзе ў мясцовых саветах”.

Спадар: “Я іх ня бачыў ніколі, таму нічога не магу сказаць. Мне ўсё адно хто там будзе, калі чэсна. Яны там маладыя ўсе. Во я гляджу ставяць усе 24, 23 гады няхай спачатку вырастуць, жыцьцю павучацца. А потым ужо…”.

Спадар: “Думаю, што не. Я наагул лічу, што іх там не павінна быць. Іх у Беларусі наагул не павінна быць, каб яны тут нешта пераварочвалі, нешта рабілі, то бок ад іх адзін нэгатыў адным словам”.

Юнак: “Не, канечне. Нашая ўлада ня можа дапусьціць апазыцыянэраў да ўлады, нават калі адзін чалавек туды патрапіць яны разумеюць, што ад гэтага ім будзе толькі горш”.