Пэкін гатовы падтрымаць пазыцыю афіцыйнага Менску, калі ў Радзе па правах чалавека ААН будзе разглядацца даклад аб сытуацыі ў Беларусі. Пра гэта заявіў падчас візыту ў Менск намесьнік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Кітай маюць намер ажыцьцявіць шэраг «магутных інвэстпраектаў». Ён выказаў намер наведаць Кітай зь візытам.
Кітай паабяцаў даць афіцыйнаму Менску ільготны крэдыт у адзін мільярд даляраў на ўзгодненыя паміж бакамі праекты. Таксама кітайскі бок плянуе заключыць кантракты амаль на тры з паловай мільярды даляраў. У знак дружбы кітайская бязвыплатная дапамога Беларусі складзе амаль 9 мільёнаў даляраў. У Менску падпісаныя сем двухбаковых дакумэнтаў аб супрацоўніцтве.
«Мы намерваемся бліжэйшым часам ажыцьцявіць шэраг магутных інвэстпраектаў. І я як прэзыдэнт гарантую поўную падтрымку і захаванасьць кітайскіх капіталаўкладаньняў у беларускай дзяржаве. Мы дамо самыя спрыяльныя ўмовы кітайскім кампаніям».
Камэнтуючы гэтыя дамоўленасьці, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што гэта «непрафэсійнасьць і ідэалягічная лухта», бо Кітай — вельмі прагматычная краіна.
«Тое, што мы будзем браць у іх грошы, крэдыты, азначае, што мы ўлазім у даўгі пад зьвязаныя пагадненьні. Што гэта такое? Звычайна краіны з добрай эканамічнай сытуацыяй і лішкам капіталаў зьвяртаюцца да краінаў з праблемнымі ўрадамі і прапануюць зьвязаныя крэдыты.
Тое, што мы будзем браць у іх грошы, крэдыты, азначае, што мы ўлазім у даўгі пад зьвязаныя пагадненьні.
Падчас сустрэчаў у Менску бакі выказалі задаволенасьць сумеснай дзейнасьцю на міжнароднай арэне і падабенствам пазыцый па асноўных пытаньнях. Лукашэнка адзначыў, што бакі аднолькава не прымаюць «ціску і ўмяшаньня звонку» і ўпэўнена ідуць шляхам «умацаваньня стратэгічнага партнэрства». Сі Цзіньпін выказаўся за шчыльнейшую каардынацыю зьнешнепалітычных пазыцый. Зыходзячы з гэтага, Пэкін гатовы падтрымаць пазыцыю Беларусі пры разглядзе ў Радзе па правах чалавека ААН дакладу аб сытуацыі ў Беларусі. Лукашэнка заявіў, што Сі Цзіньпін прыехаў «ня проста ў сяброўскую краіну, а практычна на сваю радзіму». Камэнтуючы заявы кітайскага прадстаўніка, праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў:
«У ААН заўсёды падтрымлівалі Беларусь краіны, якія зьяўляюцца таксама аб’ектам крытыкі з боку міжнароднай супольнасьці адносна правоў чалавека. Гэта ў тым ліку і Кітай, і Іран, і Мазамбік, і Куба, шэраг арабскіх краінаў. Міжнародныя арганізацыі вельмі жорстка крытыкуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Кітаі. У тым ліку гэта праблема палітычнага перасьледу дысыдэнтаў у Кітаі, гэта фактычна адсутнасьць свабоды сходаў, асацыяцыяў, праблема сьмяротнага пакараньня, бо Кітай — лідэр у сьвеце па колькасьці сьмяротных прысудаў».
Сёньня Сі Цзіньпін правёў шэраг сустрэчаў у Нацыянальным сходзе Беларусі. Дасягнутая дамоўленасьць пра візыт найбліжэйшым часам у Менск старшыні Сталага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банго.