Беларускія праваабаронцы выступілі супраць сьмяротнага пакараньня

У зьвязку з выкананьнем сьмяротнага пакараньня — расстрэлам двух зьняволеных, асуджаных на сьмерць — беларускія праваабаронцы выступілі з адмысловай заявай.

Прадстаўнікі праваабарончага цэнтру “Вясна”, грамадзкай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” і іншых арганізацый, якія аб’ядналіся ў ініцыятыву “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, заявілі, што ўлады праігнаравалі патрабаваньне Камітэту па правах чалавека ААН — не прыводзіць прысуды ў выкананьне, пакуль справы знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека.

Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Эўропе, якая выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне. Яны таксама патрабуюць выдаць родным целы расстраляных для пахаваньня і настойваюць на тым, каб у Рэспубліцы Беларусь быў уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне”.