У Кіргістане спынілі рэтрансляцыю “Свабоды”

Пад забарону на распаўсюд на тэрыторыі Кіргістану патрапілі і іншыя незалежныя ад уладаў электронныя СМІ і інтэрнэт-парталы.

Зь 10 сакавіка кіргіскія ўлады забаранілі рэстрансляцыю на сваёй тэрыторыі радыё і тэлеперадач “Свабоды” на кіргіскай мове.

9 сакавіка былі заблякаваныя вядучыя навінныя сайты Ferghana.ru, Centrasia.ru і Paruskg.info. Зь 15 чысла спыненае вяшчаньне на тэрыторыі краіны тэлеканалу BBC News.

Наступ на свабоду слова ў Кіргістане пачаўся напярэдадні 5-й гадавіны “цюльпанавай рэвалюцыі”, якая адправіла ў адстаўку былога прэзыдэнта Аскара Акаева.

Усе СМІ, якія патрапілі пад забарону, паведамлялі, што ў Італіі быў выдадзены ордэр на арышт Яўгена Гурэвіча, бізнэсоўца, блізкага да прэзыдэнта Курманбэка Бакіева, паводле падазрэньня ў сувязях з мафіяй.

Апазыцыя адрэагавала на гэта заклікам да адстаўкі Бакіева. Апазыцыйная прэса стала мішэньню ўладаў пасьля асьвятленьня гэтых заклікаў да адстаўкі Бакіева.

Парушэньні свабоды прэсы ў Кіргістане ужо асуджаныя міжнароднай праваабарончай арганізацыяй "Рэпартэры бязь межаў":

"Мы заклікаем адміністрацыю прэзыдэнта хутчэй супакоіцца і спыніць ціск на СМІ з-за сваёй параноі. Мы таксама заклікаем міжнародных партнэраў Кіргістану, асабліва ў АБСЭ, нагадаць уладам гэтай краіны ўзятыя імі абавязацельствы ў галіне свабоды прэсы".