Швайцарыя адкрывае “Duty free” для тых, хто прыбывае ў краіну

Неўзабаве авіяпасажыры зь Беларусі, а таксама шэрагу іншых краін, змогуць карыстацца паслугамі швайцарскіх “Duty free” па прылёце ў аэрапорты Канфэдэрацыі, а ня толькі як дагэтуль пры адлёце з гэтай краіны. Адпаведнае рашэньне ўхваленае ў пятніцу швайцарскім фэдэральным урадам.

Крамы бязмытнага гандлю “Duty free” ёсьць неад’емным атрыбутам усіх міжнародных аэрапортаў. Яны вабяць пасажыраў тым, што тут, у зоне свабоднага гандлю, можна
набыць якасныя тавары - адзеньне, аксэсуары, парфумы, сувэніры, алькаголь, цыгарэты, нават бытавую тэхніку – па коштах да 20-30% ніжэйшых чым у іншых крамах.

Як лічаць швайцарскія ўрадоўцы, магчымасьць набыцьця неабкладных мытам тавараў пры прыбыцьці ў Швайцарыю, павялічыць прывабнасьць мясцовых аэрапортаў сярод пасажыраў. З улікам чаканага зруху ў гэтым гандлі, у “бязмытных” аэрапортных крамах ствараюцца новыя працоўныя месцы. Лічыцца, што гэта надасьць дадатковы імпульс эканоміцы Швайцарыі ва ўмовах крызісу.