У Гарадку беларуская мова пад забаронай

Леанід Аўтухоў

Старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ зьвярнуўся ў пракуратуру са скаргай, калі ў аддзеле сацыяльнай абароны райвыканкаму яму не далі даведку на беларускай мове.
Спадар Аўтухоў распавёў, што двойчы зьвяртаўся ў райвыканкам па даведку пра атрыманьне матэрыяльнай дапамогі ад рэгіянальнага цэнтру занятасьці — ён стаіць на ўліку як беспрацоўны, бо ніводнае прадпрыемства ня хоча браць апазыцыянэра на працу. Даведку на беларускай мове яму не далі. Паводле Леаніда Аўтухова, супрацоўніцы спаслаліся на распараджэньне загадчыка аддзела Пятра Прасолава, які забараніў ім выдаваць даведкі па-беларуску.

У заяве актывіст напісаў, што прапануе работнікам пракуратуры разам зь сябрамі Партыі БНФ выйсьці на плошчу Леніна і бараніць канстытуцыйныя правы, у тым ліку права карыстацца роднай мовай.

Леанід Аўтухоў зьбіраецца балятавацца на кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога савету. Але ён непакоіцца, што пры такім стаўленьні да яго з боку чыноўнікаў проста не пасьпее сабраць патрэбныя дакумэнты. Да прыкладу, даведку з аддзелу сацыяльнай абароны, напісаную па-беларуску, ён ня можа атрымаць ужо некалькі дзён.