У Менску – ўшанаваньне памяці ахвяраў габрэйскага пагрому 1942 году

Мэмарыяльны комплекс "Яма".

Сёньня на мэмарыяльным комплексе “Яма” праходзіць жалобная імпрэза, прысьвечаная 68-й гадавіне пагрому ў габрэйскім гета Менску. Ушанаваць памяць вязьняў менскага гета запрошаныя прадстаўнікі ўладаў, дыпляматычнага корпусу, былыя вязьні.
Жалобныя імпрэзы ў памяць ахвяраў першага пагрому ў менскім гета сталіся традыцыйнымі ад часу адкрыцьця другой часткі мэмарыяльнага комплексу “Яма” ў 2000 годзе. Але ацалелыя вязьні менскага гета і іншыя неабыякавыя людзі прыходзілі сюды яшчэ ў 80-я гады, калі трагедыю габрэяў ваеннага часу савецкія ўлады стараліся замоўчваць, кажа адзін з арганізатараў сёньняшняй імпрэзы, старшыня Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў Леанід Левін:

“Быў час, калі не дазвалялі зьбірацца, нешта праводзіць у гэтым месцы. Але часы зьмяніліся, і мы ўпарадкавалі гэтае месца: захавалі помнік, які быў тут пастаўлены ў 1946 годзе. Зараз усталявалі вялікі мэмарыял. І гэта сталася памятным месцам для ўсіх нас. Я спадзяюся, што і для мянчукоў таксама”.

2 сакавіка 1942 году нацысты закатавалі больш за пяць тысяч менскіх габрэяў: старых, жанчынаў, дзяцей. Частку іх расстралялі ў Менску, частку завезьлі пад Койданава і забілі там. На сёньня жывымі засталіся сто былых вязьняў. Але трагедыя беларускіх габрэяў яшчэ ня вывучаная і паказваецца аднабакова, кажа дасьледчык гісторыі апошняй вайны Эмануіл Ёфэ:

“Раней паказвалі, што яны ішлі пакорна. А я паказваю, што ў Беларусі былі паўстаньні раней, чым у Варшаўскім гета: у Клецкім, Нясьвіскім, Капыльскім, Мірскім і іншых гета. Нават у 2005 годзе выйшаў падручнік, і я ў аўтара пытаюся, а чаму няма пра паўстаньне. А ён адказвае, што не прыйшоў час. Дык калі ж той час прыйдзе, калі ўжо колькі пасьля вайны прайшло?”

Гісторыкі сьведчаць, што ў вайну ў Беларусі было створана каля 150 гета. Толькі ў менскім былі зьнішчаныя 100 тысяч чалавек. Таксама вядома больш за 500 месцаў масавых забойстваў габрэяў у Беларусі. Мэмарыяламі, памятнымі знакамі і шыльдамі на сёньня пазначаныя толькі каля 50 зь іх, кажа Леанід Левін:

“Ёсьць такія месцы, дзе мы толькі пазначаем, што тут загінулі людзі. Гэта вельмі цяжка, бо патрэбныя грошы, а іх няма. І таму такія месцы пазначаюцца, калі нехта дапамагае. Я, да прыкладу, часта прыводжу такі прыклад, што ў Глуску ў гета загінулі ўсе габрэі — застаўся толькі адзін. І мясцовыя ўлады дапамаглі ўсталяваць помнік — дзякуй ім. У траўні будзем адкрываць”.

У Менску на мэмарыяльным комплексе “Яма” некалькі разоў невядомыя ўчынялі акты вандалізму, абліваючы помнік фарбаю. Злачынцаў не знайшлі.