Вэтэраны супраць “Партызана”

Ва ўрадавай газэце “Рэспубліка” апублікаваны ліст старшыні вэтэранскай арганізацыі супраць сайту “Беларускі партызан”. Стваральнік сайту Павал Шарамет лічыць, што гэта пачатак кампаніі супраць незалежных Інтэрнэт-рэсурсаў.

У лісьце, падпісаным старшынём Менскай абласной арганізацыі вэтэранаў, Героем сацыялістычнай працы спадаром Слабадой, сказана, што “выкарыстаньне ў названьні сайту словазлучэньня “Белорусский партизан” зьневажае удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны тым, што правакацыйныя матэрыялы, якія разьмяшчаюцца ў Інтэрнэце пад гэтым загалоўкам, носяць ярка выражаны, прадузяты, адкрыта антыбеларускі характар.

Рэдакцыя гэтага СМІ..ставіць знак роўнасьці паміж словамі “партызан” і “апазыцыянэр” – піша высокапастаўлены вэтэран.

Стваральнік сайту Павал Шарамет заявіў у інтэрвію Свабодзе, што ліст вэтэранаў можа быць выкарыстаны супраць незалежных інтэрнэт-рэсурсаў.

Шарамет: Я цалкам перакананы, што “ліст вэтэранаў” інсьпіраваны беларускімі ўладамі. Больш за тое, мне здаецца, што “рукі” гэтага ліста растуць з КДБ. Апошнім часам мы апублікаваны шэраг артыкулаў пра вайну МУС і КДБ, інтэрвію з беглым капітанам МУС ды іншае. Гэта адпрацаваная схема, шмат разоў мы бачылі, як улады напачатку “выпускаюць” вэтэранаў. Тыя сваім абурэньнем ствараюць пэўны фон і даюць нагоду ўладам прымяняць рэпрэсіўныя захады. Мне здаецца, пачалася ідэалягічная падрыхтоўка супраць незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. Супраць нас выкарыстоўваюць вэтэранаў, супраць іншых могуць выкарыстаць піянэраў альбо абураных даярак. Гэта адпрацаваная схема зачысткі інфармацыйнага поля Беларусі перад выбарамі.

Цыганкоў: А што могуць улады зрабіць супраць сайту, які не зарэгістраваны ў беларускай даменнай зоне?

Шарамет: Галоўныя наступствы падобных лістоў вэтэранаў будуць у тым, што жыхары Беларусі будуць адключаныя ад доступу да незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. У Беларусі ўваход і выхад у Інтэрнэт ажыцьцяўляецца праз адно вакно – гэта дзяржаўнае прадпрыемства “Белтэлекам”. Пасьля такіх лістоў гэтае акно можа зачыніцца.