Толькі мая Алімпіяда. Уладзімер Даўжэнка

Адно з найбольшых расчараваньняў Алімпіяды – выступ хакейнай зборнай пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава. На гэтай пасадзе ён за некалькі месяцаў да пачатку спаборніцтваў зьмяніў канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана, перад якім Міністэрства спорту і турызму ставіла задачу паўтарыць подзьвіг васьмігадовай даўнасьці, заняўшы месца не ніжэй за чацьвёртае. Аднак складаная камбінацыя экс-старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімера Навумава з выжываньнем Хэнлана з менскага “Дынама”, якая прывяла да адмовы канадца супрацоўнічаць і са зборнай камандай, спарадзіла нэрвовую сытуацыю з калектыве. Абяцаньні Захарава фінішаваць у васьмёрцы аказаліся нічым не падмацаваныя на справе.

Спартовы камэнтатар, колішні вядучы праграмы “Асілак” на Беларускім тэлебачаньні Ўладзімер Даўжэнка перакананы, што культывацыя хакею ў адсутнасьць кваліфікаваных кадраў у Беларусі ні да чаго не прывядзе. А мільёны даляраў, “закапаныя” у хакейныя палацы, наўрад ці калі акупяцца. Асабліва гэта тычыцца 15-тысячнай “Менск-Арэны”, якая, мяркуючы па ўсім, збольшага будзе выкарыстоўвацца як канцэртная пляцоўка:

“Канечне, ейны кошт ніяк не адэкватны ўскладзеным на яе функцыянальным абавязкам. Арэна ў нашых умовах сябе папросту не акупіць. Дарэчы, гэтак жа, як не акупляе сябе ніводзін з пабудаваных лядовых палацаў. Усе гэтыя палацы -- як кадрыраваныя дывізіі. Яны будуць стаяць і чакаць толькі чэмпіянату сьвету 2014 году. Зайдзіце ў любы палац у любы час сутак: там што, паломніцтва працоўных з хакейнымі клюшкамі і шлемамі? Не! А паралельна ці разьвіваюцца дзіцячыя спартовыя школы? Таксама не!

Усе гэтыя навабуды -- насамрэч закансэрваваныя дывізія, якую. Умоўна кажучы, разьвернуць падчас вайны – на пэрыяд правядзеньня ўсясьветнага першынства. Вось і ўсё. Таму асабіста я не вітаю такое ўкладаньне грошай. Так, з аднаго боку добра і радасна, што ў нас зьяўляюцца падобныя аб’екты, але па сутнасьці сваёй гэта больш такі палітычны крок. Маўляў, вось якія мы прыгожыя. Але я баюся, што, улічваючы беларускі гігантызм, які ў апошняе дзесяцігодзьдзе ў нас мае месца, ня ведаю, мы, напэўна, і ў заплянаваныя 40 мільёнаў даляраў наўрад ці ўкладземся з гэтай будоўляй. Прабачце мяне, але лепш бы пабудавалі людзям новы шпіталь. У нас у Менску апошняя лякарня будавалася 20 гадоў таму – 10-я клініка ў мікрараёне Чыжоўка. Вось дзе быў бы сапраўдны паказьнік здароўя! А хакей пры ўсёй павазе да гульцоў – гэта ўсё ж 22 чалавекі, якія, да таго ж, і гуляюць з пераменным посьпехам”.

За чатыры дні да заканчэньня Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры беларускія аматары спорту разьлічваюць толькі на адзін мэдалёвы шанец – у фрыстайле. Стаўка перадусім на Алу Цупер. Пасьля таго, як сіта кваліфікацыі не прайшоў лідэр Кубку сьвету Антон Кушнір, спадзяваньні на ўдалы выступ астатніх досыць прывідныя.