У Пінску — беларусізацыя мэмарыяльных шыльдаў

Новая шыльда на будынку былой гімназіі на цяперашняй вуліцы Леніна

Пінскі гарвыканкам вырашыў замяніць мэмарыяльныя дошкі. Паводле афіцыйных зьвестак, у Пінску іх на сёньня 49. Большасьць маюць патрэбу ў рэстаўрацыі альбо замене.

З ініцыятывы пінскіх краязнаўцаў і грамадзкіх актывістаў новыя шыльды вырабляе з граніту мясцовая камэрцыйная фірма “Полюс”. Усе яны вытрыманыя ў адным стылі, надпісы — толькі на беларускай мове.

Беларусізацыю мэмарыяльных шыльдаў у Пінску вітае старшыня ТБМ імя Францыска Скарыны Алег Трусаў:

“Вельмі добрыя ініцыятыва. Прыгожы Пінск заслугоўвае, каб каменны летапіс яго больш як 910-гадовай гісторыі быў увасоблены ў роднай мове. Гэта істотны крок у кірунку да праўдзівасьці гісторыі і вяртаньня імён і прозьвішчаў дачок і сыноў Бацькаўшчыны”.

Шыльда на будынку музычнага вучылішча (былога гаркама КПБ)
Новая шыльда ў гонар партызанскага генэрала палёў і пушчаў


Ухваляе распачатую ў Пінску працу старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Антон Астаповіч. Праўда, гісторык зьвяртае ўвагу на тое, што пінскія чыноўнікі найперш пачалі клапаціцца пра мэмарыяльныя шыльды савецкіх і партыйных і дзеячаў, а таксама партызанскіх камандзіраў.

“Але гэта можна зразумець — усё-ткі сьвядомасьць чыноўнікаў пакуль трывала прывязаная да так званай правільнай гісторыі сацыялістычнага мінулага. Але гэта — зьява часовая. Упэўнены, што будуць у Пінску шыльды ў гонар асьветнікаў, мастакоў, літаратараў”.