У судзе над Алегам Сурганам выслухаюць апошняга сьведку

Алег Сурган

Жыхара Віцебску вінавацяць у нападзе на міліцыянта падчас затрыманьня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу. Лейтэнант Сяргей Дудкевіч цьвердзіць, што затрыманы ўкусіў яго за палец і патрабуе мільён рублёў кампэнсацыі.
Сьведка, студэнт мэдунівэрсытэту мусіць распавесьці, як 3-га верасьня затрымлівалі цяперашняга падсуднага. Міліцыянт Сяргей Дудкевіч цьвердзіць, што падчас затрыманьня Алег Сурган не падпарадкоўваўся, а ў міліцэйскай машыне ўкусіў яго за палец.

Падсудны абвінавачаньня не прызнае і кажа, што яго самога міліцыянты зьбівалі па дарозе ў Кастрычніцкі РАУС. У пастарунак ён трапіў за вывешваньне бел-чарвона-белага сьцягу недалёка ад мэдычнага ўнівэрсытэту. Аднак потым пратакол затрыманьня, дзе гэта было зафіксавана, некуды зьнік. Цяпер Алега Сургана вінавацяць у нападзе на міліцыянта, і за гэта яму пагражае да 6 год турмы.

Апроч гэтага, міліцыянт Сяргей Дудкевіч патрабуе матэрыяльнай кампэнсацыі сваіх маральных пакутаў у памеры 1 мільёна рублёў. У прыватнасьці, ён заявіў, што падсудны хварэў на гепатыт, і пасьля ўкусу ён таксама можа захварэць.

Дагэтуль Алег Сурган ужо быў некалькі разоў асуджаны за крымінальныя злачынствы. Ад 27-га студзеня ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары - так распарадзілася кіраўніцтва Кастрычніцкага РАУС, дзе працуе лейтэнант Сяргей Дудкевіч.

Працэс над Алегам Сурганам працягваецца каля двух месяцаў. Яго судзіць судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Яўген Буруноў.