Сямёра арыштаваныя ў сутычках у Ванкувэры

Ванкувэрская паліцыя арыштавала сямёх чалавек, якія прынялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць правядзеньня алімпіяды ў гэтым горадзе. Цягам другога дня алімпіяды ў цэнтры Ванкувэра адбыліся сутычкі паміж паліцыяй і прыкладна дзьвюма сотнямі дэманстрантаў, якія білі вітрыны ў крамах і размалёўвалі каляровымі спрэямі запаркаваныя машыны. Пра ахвяры не паведамляецца.

Канадзкія ўлады ўсклалі адказнасьць на "крымінальныя элементы", што зьмяшаліся з маніфэстантамі, якія хацелі выказаць свой пратэст законным шляхам.

Акцыі пратэсту пачаліся яшчэ ў пятніцу. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцьця алімпійскіх гульняў, некалькі чалавек перакрылі шлях працэсіі, якая несла алімпійскую паходню, вымусіўшы арганізатараў памяняць маршрут.