Чаму забаранілі і дазволілі фільм “Акупацыя. Містэрыі”?

Андрэй Кудзіненка

У 2004 годзе выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпэндыят прэзыдэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зьняў стужку, якую кінакрытыкі адразу ж назвалі «першым нацыянальным беларускім фільмам, які адрадзіў беларускае кіно» — «Акупацыя. Містэрыі». У стужцы зьняліся лепшыя беларускія акторы — Сьвятлана Зелянкоўская, Любоў Румянцава, Анатоль Кот, Аляксандар Колбышаў. Сцэнар напісаў Аляксандар Качан (дарэчы, аўтар сцэнараў «Масакры» і «Павадыра»). Кіно паказалі на Ратэрдамскім і Маскоўскім міжнародных кінафэстывалях, фільм выйшаў у расейскі пракат. А ў Беларусі фільм быў забаронены Ўпраўленьнем рэгістрацыі і клясыфікацыі кіна- і відэапрадукцыі пры Міністэрстве культуры. А ў 2010 годзе «Акупацыю. Містэрыі» вярнулі ў адзіны дзяржаўны рэгістар: фільму было выдадзена пракатнае пасьведчаньне. Чаму «Акупацыю» дазволілі, і за што забаранілі?
Ва Ўпраўленьні рэгістрацыі і клясыфікацыі кіна- і відэапрадукцыі пры Міністэрстве культуры кіраўніцтва ў чацьвер на месцы не было: начальнік упраўленьня хварэе, а ягоны намесьнік у адпачынку. Шараговы супрацоўнік паведаміў:

«Наша ўпраўленьне рэгіструе, але ў нас вузкая спэцыялізацыя: мы рэгіструем усё, што ідзе на відэа. А што на вялікім экране ідзе, я зусім ня ведаю. У іншым канцы калідору гэтыя пытаньні дзяўчына вядзе, яна сёньня адпрасілася з працы. Яна выдае пракатныя дазволы на вялікі экран. Калі вы патэлефануеце ў панядзелак, яна вам патлумачыць».

Такім чынам, чаму фільм дазволілі, даведацца не ўдалося. Чаму ж «Акупацыю. Містэрыі» забаранілі ў 2004-м? Кінакрытык Ала Бабкова распавяла:

Бабкова: «Да 2004 году фільмы абмяркоўвалі экспэрты розных спэцыяльнасьцяў, якія ўваходзілі ў гэтую камісію. Але пачынаючы з таго моманту, пра які мы гаворым, якраз пачаўся ідэалягічны ціск. Пад гэтым уціскам кіраўніцтва рэгістру прыняло такое рашэньне. Прыкладна такая была фармулёўка: «Вэтэраны могуць не зразумець сэнс гэтага фільма». Я тады была экспэртам гэтага рэгістру, але мяне не запрасілі на абмеркаваньне: маўляў, канечне, ведалі, што я буду супраць забароны. Я думаю, што ня ўсе крытыкі, якія там былі, выступалі супраць гэтага фільму.

Карэспандэнтка: «А хто яшчэ быў у складзе гэтага рэгістра?»

Бабкова: «Ведаеце, я ня буду называць прозьвішчы сваіх калег, я зь імі потым размаўляла, і яны сказалі, што іх падманулі. Гэтае рашэньне цалкам было прынята кіраўніцтвам рэгістру, а тады ім кіраваў Юры Цьвяткоў. Дарэчы, я выйшла з рэгістру менавіта таму, што забаранілі дзьве стужкі: „Акупацыю. Містэрыі“ і дакумэнтальную стужку „Доўгая дарога дадому. Рэквіем“, якую зрабіла незалежная студыя „Тацяна“. Гэта была якраз прычына майго выхаду з рэгістру».

Кінакрытык Ала Бабкова выказала меркаваньне, што фільм вярнулі зараз таму, што Кудзіненка на вяршыні папулярнасьці: дасягнуў прызнаньня ў Расеі, летась вярнуўся на радзіму. Зараз ён здымае першы беларускі містычны трылер «Масакра», які яшчэ ня выйшаў на экран, але якому ўжо прадказваюць посьпех.