Гарадзенскія мастакі адкрылі выставу ў Друскеніках

Алесь Сураў перад адкрыцьцём выставы

Мастакі Алесь Сураў, Вацлаў Рамашка і скульптар Мікола Скляр назвалі сваю выставу “Ў краіне Чорнай Ганчы”.

Выстава адкрылася ў Друскеніцкім аквапарку, адным з найбуйнейшых у Эўропе. Яго адначасова могуць наведваць каля паўтары тысячы чалавек.

Выстава арганізаваная прыватным чынам і, са слоў адміністратаркі аквапарку, хоць у іх увесь год адбываюцца самыя розныя акцыі, беларускае мастацтва там віталі ўпершыню.

Прыём быў вельмі цёплы, і з боку літоўскіх мастакоў неаднойчы гучала шкадаваньне, што, пабудаваўшы граніцы, мы страцілі сувязь паміж суседнімі культурамі.

На адкрыцьці з гарадзенскіх мастакоў прысутнічаў толькі Алесь Сураў, ён і распавёў, што назву выстава атрымала таму, што ўсе карціны, прадстаўленыя на ёй, былі намаляваны ў ваколіцах рэчкі Чорнае Ганчы, якая працякае на самай мяжы Літвы і Беларусі.

Два другія аўтары Вацлаў Рамашка і Мікола Скляр не змаглі прыехаць у Друскенікі з тае прычыны, што ня мелі літоўскіх візаў.