“Наступны крызіс які будзе? Спажывецкі”

Міхал Залескі

Недабор падатковых прыбыткаў бюджэту ў студзені 2010 году склаў 200 мільярдаў рублёў. Пра гэта паведаміў міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. «Праваленыя паступленьні па ПДВ, акцызах, прыбытках ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці», — адзначыў міністра. Што гэта азначае для агульнага стану беларускай эканомікі? Якімі спосабамі Беларусь можа пакрыць бюджэтны дэфіцыт, за кошт чаго могуць быць скарочаныя бюджэтныя выдаткі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.
Цыганкоў: Пра што сьведчыць такі рэзкі недабор падаткаў у бюджэт? Ці гэта азначае, што эканоміка пакуль далёкая ад таго росту, на які разьлічваюць улады?

Залескі: Гэта азначае, што крызіс ідзе як «па падручніку». Спачатку фінансавыя праблемы, потым — скарачэньні попыту за мяжой, скарачэньне выпуску прадукцыі ў нас, і наступны крок — бюджэтныя праблемы. Бо калі прадпрыемствы скарацілі выпуск, то зьменшыўся экспарт, імпарт (бо яны бяруць менш камплектацыі) — адпаведна зьмяншаюцца паступленьні ў бюджэт. А ў нас палова людзей з бюджэту грошы атрымліваць.

Таму наступны крызіс які будзе? Спажывецкі. Купляць ня будзе за што тым, хто з бюджэту грошы атрымлівае. Альбо аддадуць бюджэтнікам, забраўшы ў іншых.

Цыганкоў: Але ва ўмовах бюджэтнага дэфіцыту жывуць многія краіны, і тут часта прыводзяць у прыклад ЗША. Яны чымсьці пакрываюць гэты дэфіцыт? Ці можа Беларусь так сябе паводзіць?

Залескі:
Крызіс ідзе як «па падручніку». Спачатку фінансавыя праблемы, потым — скарачэньні попыту за мяжой, скарачэньне выпуску прадукцыі ў нас, і наступны крок — бюджэтныя праблемы.
Ёсьць такія краіны, якія маюць устойлівасьць і пэрспэктыву. Можна даваць ЗША, бо ў іх сусьветная валюта — даляр, яны яго эмітуюць, выпускаюць дзяржаўныя абавязацельствы, якія падмацаваныя ўсёй моцай дзяржавы. Можна даваць Расеі, бо там шмат карысных выкапняў. Можна Кітаю даваць, бо там людзей шмат, і людзі працавітыя.

Можна і нам даваць, але прапарцыйна нашым памерам. У гэтым пляне заплянаваны дэфіцыт у нас не такі і вялікі. Мяне толькі зьдзівіла, што мы плянуем сёлета сабраць падаткаў на 13 працэнтаў больш чым летась. З чаго браць?

Цыганкоў: Калі ўлады паўстануць перад праблемай зьмяншэньня паступленьняў ад падаткаў, яны паўстануць перад дылемай, што варта скараціць з бюджэтных выдаткаў. Заробкі скарачаць нельга, бо паабяцана людзям 500 даляраў. Дзе тады будуць скарачаць?

Залескі: Я нават ня ведаю, што яны могуць скараціць. Я ня думаю, што будзе скарачацца сацыяльная сфэра, будаўніцтва за бюджэтныя грошы. Пойдуць іншым шляхам — можна злупіць з каго-небудзь. Напрыклад, зь сельскай гаспадаркі, зьменшыць ім датацыі. Можна націснуць на малы бізнэс, то бок націснуць на тыя структуры, якім няма куды ўцякаць.