“Вялікая клякса на празрыстасьці мясцовых выбараў”

Андрэй Толчын

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеляю Сяргей Шыцікаў адхіліў пазоў старшыні гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына да прэзыдыюму гарадзкога савету й гарвыканкаму наконт складу гарадзкой выбарчай камісіі.
“У практыцы судоў яшчэ не было такога, каб нейкія рашэньні выканкаму па пазовах прадстаўнікоў апазыцыі былі адменены, – кажа Андрэй Толчын. – Заўсёды суд прымаў бок улады. Ірына Раманюк, прадстаўніца органаў, якія сфармавалі гарадзкую выбарчую камісію, не хацеўшы таго, сама сказала, што яны галасавалі за прозьвішчы, якія былі прызначаныя. Гэтым сказана ўсё. І калі глядзець па сутнасьці, то склад камісіі аказаўся вельмі дзіўным. Туды ўвайшлі і артадаксальныя камуністы, і аўганцы, і нават нейкія прадстаўнікі экзатычнага гарадзкога аддзяленьня “Беларускага казацтва”, пра якое ніхто толкам ня ведае, што гэта за ўтварэньне такое”.

Гарадзкая арганізацыя АГП лічыць, што адмова ўключыць у склад камісіі яе вылучэнца, былога дэпутата Вярхоўнага Савету СССР Юрыя Варонежцава парушае правы партыі як палітычнага суб’екта на ўдзел у выбарах. Да таго ж падчас фармаваньня камісіі не абмяркоўваліся дзелавыя якасьці прэтэндэнтаў. Таму рашэньне гарадзкіх уладаў наконт складу камісіі, на думку АГП, патрэбна адмяніць.

Прадстаўніца ў судзе гарвыканкаму й прэзыдыюму гарсавету Ірына Раманюк (яна, дарэчы, таксама ўключана ў гарадзкую выбарчую камісію) пазоў АГП не прызнала. Патлумачыла, што склад камісіі фармаваўся настолькі дэмакратычна, што ёй нават невядома, “якія органы разглядаюць такія справы больш дэмакратычна”. Дзелавыя ж якасьці вылучэнцаў не абмяркоўваліся таму, што гэтага не патрабуе выбарчае заканадаўства.

Раманюк: “Магчыма, пытаньне не ў выканаўчай уладзе, якая ўпарта ня хоча бачыць прадстаўніка АГП. А ці нельга партыі задумацца: магчыма, іншых прадстаўнікоў трэба партыі вылучаць, каб яны ўвайшлі ў склад выбарчай камісіі?”
Леанід Судаленка

Спадарыня Раманюк паведаміла таксама, што за кожнага з 25 прэтэндэнтаў у выбарчую камісію галасавалі паасобку – працэдура фармаваньня выбарчай камісіі ніякім чынам не парушана.

Прадстаўнік гарадзкой арганізацыі АГП у судзе, юрыст Леанід Судаленка мяркуе:

“Парушана галоўнае права нашай дэмакратычнай палітычнай партыі – прымаць удзел у палітычнай кампаніі пад назовам “мясцовыя выбары”. Гэтым самым пастаўлена вялікая клякса ня толькі на новай рэдакцыі Выбарчага кодэксу, але й на лібэралізацыі выбарчага працэсу й празрыстасьці выбараў”.