Міністэрства юстыцыі Беларусі зьбіраецца запатрабаваць ад Мін'юста Расеі правільна ўжываць назву краіны.
Як паведаміла агенцтва БелаПАН, міністэрства юстыцыі Беларусі мае намер вырашыць пытаньне пра правільнае ўжываньне назвы краіны з міністэрствамі юстыцыі шэрагу дзяржаў, якія "ня цалкам правільна" гэта робяць. Пра гэта заявіў кіраўнік Мін'юста Віктар Галаванаў 27 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
Па яго словах, Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый выразна ўсталяваная назва "Рэспубліка Беларусь" або "Беларусь". Аднак некаторыя краіны выкарыстоўваюць "неўсталяванае" найменьне дзяржавы.
У прыватнасьці, як паведаміў Галаванаў, на сумеснай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расеі 24 лістапада 2009 году расейскі бок цалкам прызнаў, што ў асобных расейскіх СМІ і арганізацыях ужываецца неўсталяваная назва Беларусі. На калегіі было дасягнута дамова пра тое, што Мін'юст Расеі павінен накіраваць адпаведны ліст ва ўрад РФ і паставіць пытаньне пра правільнае найменьне Беларусі на афіцыйных сустрэчах, у афіцыйнай перапісцы, СМІ. Ліст ужо накіраваны ва ўрад РФ.