На Менск насоўваецца эпідэмія грыпу

Загадчыца эпідэміялягічнага аддзелу Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Фісенка паведаміла, што цягам апошняга тыдня адбываецца шпаркі рост захворвальнасьці на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі.

Паводле статыстыкі, за мінулы тыдзень на ВРІ і грып захварэлі 22 880 чалавек. На пазамінулым тыдні такіх хворых было 12 700.

Грып выявілі ў 8% выпадкаў лябараторна дыягнаставаных выпадкаў ВРІ.

Алена Фісенка паведаміла таксама БелаПАН, што да мэдыкаў зьвярнуліся 5 277 чалавек, сярод якіх больш за 50% — дзеці да 17 гадоў. Грып выявілі ў 0,5% ад агульнай колькасьці хворых. 72 чалавекі шпіталізавалі.

Эпідэміёляг лічыць, што пры такіх тэмпах на пачатку наступнага тыдня будзе перавышаны эпідэміялягічны парог. Раней падчас эпідэміяў у Менску штотыдзень захворвалі каля 60 000 гараджан.