Мілінкевіч: “Абама зрабіў максымум з таго, што мог”

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч адказвае на пытаньне, ці зьмянілася ягонае стаўленьне да Барака Абамы за год, які прайшоў пасьля яго абраньня прэзыдэнтам ЗША.

Мілінкевіч: "У мяне да яго была сымпатыя, і яна ня зьменшылася. Я думаю, у яго вялікі патэнцыял, але ў гэтым і праблема для гэтага палітыка. Бо ўсе чакаюць страшэнна шмат, і ня так проста задаволіць гэтыя чаканьні.

Злучаныя Штаты выконваюць у сьвеце вельмі няпростую ролю. Гэтая нацыя аб'ядналася на прынцыпах свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі. І паколькі ЗША спрабуюць уладкаваць сьвет паводле гэтых сваіх прынцыпаў, то гэта вельмі няпроста. Напэўна, самае складанае цяпер -- гэта праблемы, што ёсьць у Іраку, Аўганістане, а таксама міжнародны тэрарызм.

Ці Абама справіўся? Я думаю, ён зрабіў максымум з таго, што мог. Але пажадана, каб гэтыя сусьветныя праблемы ўрэшце вырашаліся.

Што тычыцца Беларусі, то трэба шчыра сказаць,. што Беларусь не была і ня ёсьць у цэнтры ўвагі амэрыканскай зьнешняй палітыкі. Усё-ткі ёсьць іншыя праблемы ў гэтай вялікай краіны - гэта супрацоўніцтва з Кітаем, Расеяй, Індыяй, гэтай далей. Мы зьяўляемся на пэрыфэрыі інтарэсаў ЗША, але праблема правоў чалавека і дэмакратыі хвалюе Амэрыку. І дзякуючы гэтай цьвёрдай пазыцыі ЗША мы ў Беларусі маем значна больш шанцаў на паляпшэньне сытуацыі.

І апошняе. Адзначу важнасьць шчыльнага супрацоўніцтва ЗША і Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі. Іхнія пазыцыі цяпер вельмі максымальна блізкія. І гэта чыньнік, які дае больш уплыву палітыцы на карысьць мадэрнізацыі і дэмакратызацыі Беларусі".