МВФ: Невялікая карэкцыя валютных курсаў можа быць

У Беларусі адсутнічае яўная неабходнасьць у далейшай значнай карэкціроўцы валютных курсаў, хоць невялікая карэкцыя можа быць абгрунтаваная. Пра гэта гаворыцца ў абнародаваным 16 студзеня дакладзе Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) па асобных пытаньнях эканомікі Беларусі.
У дакумэнце, падрыхтаваным Эўрапейскім дэпартамэнтам МВФ, аналітыкі прыйшлі да заключэньня аб тым, што істотная незбалянсаванасьць у валютнай палітыцы Беларусі, якая назіралася ў канцы 2008 году, была ў асноўным урэгулявана. У студзені 2009 года ўлады правялі дэвальвацыю і перайшлі да выкарыстаньня мэханізму прывязкі курсу да кошыка валют (расейскі рубель, даляр ЗША і эўра), але націск на валютны курс захаваўся, паведамляе БелаПАН.

На думку аналітыкаў фонду, адказ на пытаньне аб тым, ці неабходная ў Беларусі далейшая карэкціроўка валютнага курсу, залежыць ад унутраных мер, што праводзяцца беларускімі ўладамі. Разыходжаньне паміж унутраным попытам у Беларусі і яе гандлёвымі партнэрамі, якое назіралася ў 2008 годзе, а таксама ў першай палове 2009 года, рэзка павысіла попыт на імпарт і аказала моцны націск на валютны курс.

У МВФ таксама падкрэсьліваюць, што зьнешняе фінансаваньне, атрыманае ў 2009 годзе, дазволіла Беларусі зьмякчыць найгоршыя наступствы глябальнага крызісу, "але ў сярэднетэрміновым плане залежнасьць ад зьнешняга фінансаваньня для падтрыманьня ўнутранага попыту эканамічна непрымальная".

Як мяркуюць аналітыкі фонду, для ўладаў існуе значная рызыка трапіць у пастку сцэнарыя "пастаяннага дэфіцыту па рахунку наяўных апэрацый". Такі варыянт запатрабаваў бы або адмовы ад рэжыму курсавой прывязкі, або ўвядзеньня валютных абмежаваньняў пры падзеньні міжнародных рэзэрваў да небясьпечна нізкага ўзроўню.