БНФ фармуе ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму

  • БелаПАН
Партыя БНФ пачала фарміраваньне ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму супраць павышэньня ўвазных пошлін на легкавыя аўтамабілі. Пра гэта было заяўлена 16 студзеня ў Менску на пасяджэньні сойму партыі.
Як паведаміў намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў, у ініцыятыўную групу павінна ўвайсьці як мінімум тысяча чалавек. Ён падкрэсьліў, што гэта павінны быць "не ангажаваныя асобы, а тыя, каго непасрэдна закранае дадзеная праблема".

Папярэдняя дата правядзеньня сходу ініцыятыўнай групы — 28 лютага.

Упершыню ініцыятыва правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньні павышэньня мытнай пошліны на аўтамабілі была агучана Партыяй БНФ у сьнежні мінулага года.
У кіраўніцтве партыі мяркуюць, што пагадненьне аб стварэньні Мытнага саюза, падпісанае 27 лістапада ў Менску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, "ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх уступленьне ў сілу падпісаных дакумэнтаў можа пацягнуць пагаршэньне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным павышэньнем мытных тарыфаў і, адпаведна, цэн на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасьці на легкавыя аўтамабілі".
У Партыі БНФ таксама ўпэўнены, што стварэньне Мытнага саюза ігнаруе інтарэсы беларускага малога і сярэдняга бізнэсу.

Фарміраваньне ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму плянуецца завяршыць да 1 сакавіка. Прадугледжваецца, што ў групу ўвойдуць у тым ліку прадстаўнікі Партыі БНФ, якія будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.