Прэзэнтуюцца вершасказы Барадуліна і фотаздумы Кунстадтэра

Выйшла новая кніга народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Навошта”. Яна складзеная з твораў, якія сам паэт вызначыў жанрам “вершасказы”. А вось жанр ілюстрацыяў, якія даў да кнігі былы амэрыканскі дыплямат Джон Кунстадтэр, рэдактар выданьня Алесь Камоцкі назваў фотаздумкамі.
Супольны праект паэта і фатографа 15 студзеня прэзэнтуецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску.

Творы, якія ў кнізе набылі назву новага для паэта жанру, Рыгор Барадулін не складаў з марай пра адмысловую кнігу. Параскіданыя па нататніках яны чакалі свайго часу, аж пакуль іх не пачуў бард і сябра Алесь Камоцкі.

Алесь Камоцкі і Рыгор Барадулін
“У мяне даўно былі гэтыя вершасказы і я неяк аднойчы прачытаў іх Алесю. Ён паслухаў і кажа, што з гэтага можна цікавую кніжку зрабіць”.

Спадар Камоцкі ўзяўся дапамагчы народнаму паэту з выданьнем. Ён прапанаваў аздобіць кнігу фотаздымкамі былога амэрыканскага дыплямата Джона Кунстадтэра, зь якім Рыгор Барадулін быў знаёмы з часоў ягонай працы ў Беларусі ў 2000-2001 гадох.

“Кунстадтэр прыяжджаў некалькі разоў на маю радзіму ва Ўшачы. Гэта – унікальная фігура. А як ён ведае беларускую мову, каб вы толькі пачулі!”.

Мы гэта пачуем на прэзэнтацыі, з нагоды якой спадар Кунстадтэр адмыслова прыляцеў у Менск. Пасьля зыходу ў 2005 годзе з дыпляматычнай службы ён цалкам аддаўся фотамастацтву, асаблівае месца ў якім займае беларуская аўтэнтычная культура і яе простыя носьбіты. Ён некалькі разоў на год вандруе па розных куточках Беларусі і фатаграфуе на чорна-белую стужку яе краявіды, народныя каляндарныя сьвяты, будзённыя клопаты вяскоўцаў.

З тысячаў гэтых здымкаў у кнізе “Навошта” зьмешчана больш за сотню, якія рэдактар выданьня Алесь Камоцкі назваў фотаздумкамі. У часе прэзэнтацыі кнігі будзе адчыненая і пэрсанальная выстава Джона Кунстадтэра, экспазыцыя якой налічвае больш двух дзясяткаў ягоных твораў.

Джон Кунстадтэр
Аднак, спадар Кунстадтэр сваю ролю ў сёньняшняй імпрэзе ацэньвае сьціпла.

“Гэта для мяне вялікі гонар – зрабіць гэтую выставу, але, мяркую, што фокус трэба трымаць на творчасьці спадара Рыгора Барадуліна”.

Сёньняшняя выстава ў Літаратурным музэі Янкі Купалы– гэта трэцяя пэрсанальная выстава Джона Кунстадтэра ў Беларуса. Апрача іх былі пэрсанальныя выставы ў Анкары, Вашынгтоне і Нью-Ёрку. А вось якая па ліку кніга Рыгора Барадуліна прэзэнтуецца сёньня а 18-й, дакладна ня ведае нават сам аўтар. Дасьледчыкі кажуць, што паэт мае ня менш за семдзесят зборнікаў сваіх твораў.